Грамадства. Грамадства стваралася мэтанакіраванай і разумна арганізаванай сумеснай працай і іншымі спосабамі жыццядзейнасці людзей. Разам з тым варта мець на ўвазе, што грамадства - гэта не сума любых індывідаў, а сам чалавек, які выступае ў сваёй родавай якасці (як супольнасць мноства асоб) і ў сукупнасці грамадскіх адносін. У больш вузкім сэнсе грамадства - гэта: 1) структурна ці генетычна вызначаны тып (род, від) сумежных зносін і дзейнасці людзей у гістарычна канкрэтных умовах іх існавання і ўзаемадзеяння (антычнае, індустрыяльнае, сучаснае беларускае грамадства); 2) адносна самастойны элемент гэтай устойлівай цэласнасці (інтэлігентнае, крымінальнае і іншае грамадства); 3) добраахвотнае аб'яднанне людзей на аснове агульных інтарэсаў (экалагічнае, філатэлістычнае грамадства).

Грамадства як сістэму падзяляюць на 4 узаемазвязаныя аспекты: 1) сукупнасць мноства індывідаў, у аснове ўзаемадзеяння якіх знаходзяцца пэўныя агульныя ўмовы існавання і жыццядзейнасці (горад, вёска, прамысловае прадпрыемства, навучальная ўстанова і г.д.); 2) сукупнасць іерархічна супадпарадкаваных сацыяльных пазіцый (статусаў), якія займаюць асобы ў функцыянаванні гэтай сістэмы, а таксама сацыяльных функцый (сацыяльных роляў), якія яны выконваюць на аснове сваіх сацыяльных пазіцый (кіраўнік - падначалены, настаўнік - вучань, рэжысёр - акцёр і г.д.); 3) сукупнасць нормаў і каштоўнасцей (юрыдычных, маральных, культурных і іншых), якія вызначаюць характар і змест паводзін, узаемадачыненняў індывідаў, сацыяльных статусаў і роляў у дадзенай сістэме; 4) сукупнасць відаў і спосабаў дзейнасці, якімі займаюцца індывіды, сацыяльныя групы і суполкі ў гэтай сістэме (вытворчая, навукова-даследчая, адукацыйная, упраўленчая і іншыя) і якія складаюць функцыянальную сістэму грамадства.

Любое грамадства павінна мець неабходныя і дастатковыя ўмовы самазабеспячэння і развіцця. Гэтыя ўмовы могуць быць створаны толькі адпаведнай арыентацыяй і арганізацыяй сумеснай дзейнасці індывідаў і суполак, г.зн. больш ці менш развітай супольнасцю сфер грамадскага жыцця. Асноўнымі сферамі з'яўляюцца эканамічная, сацыяльная, палітычная, духоўная. Эканамічная сфера складаецца з дзейнасці людзей па вытворчасці, размеркаванні, абмене і спажыванні матэрыяльных даброт і паслуг, а таксама ўзаемадачыненняў людзей у працэсе такой дзейнасці. У склад эканамічных адносін уваходзяць адносіны паміж сацыяльнымі групамі, якія займаюць рознае сацыяльна-эканамічнае становішча (наймальнік і працаўнік); выконваюць розную ролю ў грамадскай арганізацыі працы (кіраўнік прадпрыемства і яго падначаленыя); маюць розныя дачыненні да сродкаў вытворчасці (гаспадар сродкаў і наёмны працаўнік); валодаюць рознымі вытокамі і памерамі долі грамадскага багацця - заработнай платай, прыбыткам і іншым (прадпрымальнік - інжынер - рабочы). Сацыяльная сфера складаецца з дзейнасці і ўзаемадачыненняў людзей у галінах быту, паслуг, сацыяльнага забеспячэння, сацыяльнай інфраструктуры (транспарту, сувязі і інш.), узаемадзеяння паміж сацыяльнымі групамі і слаямі насельніцтва. Палітычная сфера ўяўляе сабой сукупнасць умоў стварэння і функцыянавання ўлады, адносін да яе розных грамадскіх рухаў і палітычных партый, груп і суполак, забеспячэнне ці змену грамадскага ладу, тыпаў праўлення (прэзідэнцкае, парламенцкае і г.д.). Духоўная сфера - стварэнне духоўных каштоўнасцей, культурнае развіццё індывідаў і суполак, узаемадзеянне этнанацыянальных, этнарэлігійных, субкультурных і іншых суполак у галіне культуры, маралі, філасофіі, рэлігіі. Такім чынам, грамадства - гэта гістарычна зменлівая цэласная сістэма ўсіх формаў і спосабаў адносін, узаемадзеянняў і аб'яднанняў людзей, у якіх выяўляецца ўсебаковая залежнасць іх адзін ад аднаго. Гэта таксама свет чалавека, які ствараецца ім самім у працэсе творчага пераўтварэння рэчаіснасці і адначасова стварае, фармуе, выхоўвае чалавека ў яго індывідуальнай якасці.

Праблемамі грамадства са старажытных часоў займаліся славутыя мысліцелі - Платон, Арыстоцель, Гобс, Дзідро, Гегель і інш. З часоў А.Конта яно стала прадметам вывучэння і галоўным пунктам сацыялогіі. Сучаснае беларускае грамадства знаходзіцца ў стане глыбокіх трансфармацыйных змен, складанага пераходу ад таталітарнай сацыяльна-палітычнай сістэмы да дэмакратычнай з рынкавымі адносінамі і шматукладнай эканомікай.

Паведаміць пра недакладнасьць