Каштоўнасць, станоўчая або адмоўная значымасць для чалавека і грамадства пэўных з'яў рэчаіснасці і аб'ектаў навакольнага асяроддзя. Па сутнасці, ўся разнастайнасць з'яў рэчаіснасці, грамадскіх адносін і прадметаў чалавечай дзейнасці можа ацэньвацца ў плане іх дабра і зла, прыгажосці і агіднасці, справядлівасці і несправядлівасці, дапушчальнага і забароннага і да т.п. Каштоўнасці могуць быць агульначалавечымі (напр., ісціна, прыгажосць, міласэрнасць) і канкрэтна-гістарычнымі (дэмакратыя, патрыярхат, манархія). Другой формай існавання каштоўнасці з'яўляецца канкрэтнае прадметнае ўвасабленне чалавечых учынкаў і грамадскіх каштоўнасных ідэалаў (этычных, эстэтычных, палітычных, прававых і інш.). Да прадметных каштоўнасцей адносяць і натуральныя даброты і зло, якія заключаюцца ў прыродных багаццях і стыхійных бедствах; спажывецкую вартасць прадуктаў працы; сацыяльныя даброты і зло, абумоўленыя сутнасцю грамадскіх адносін ці палітыкай дзяржавы; прагрэсіўнае або рэакцыйнае значэнне гістарычных падзей; культурную спадчыну мінулага, якая выступае ў форме багацця сучаснікаў; эстэтычныя характарыстыкі прыродных і грамадскіх аб'ектаў, твораў матэрыяльнай і духоўнай культуры; маральнае дабро і зло, якія заключаюцца ў дзеяннях людзей; прадметы рэлігійнага пакланення і г.д. Адрозніваюць каштоўнасці, якія ўваходзяць у псіхалагічную структуру асобы ў форме асобаснай каштоўнаснай устаноўкі, ацэнкі, мэты і служаць звязвальным звяном паміж духоўнай культурай грамадства і духоўным светам асобы. Яны адлюстроўваюцца ў свядомасці ў выглядзе каштоўнасных арыентацый асобы, яе ўсвядомленых і мэтанакіраваных дзеянняў на карысць грамадства, дабрабыту і шчасця людзей.
Каштоўнасці, іх прырода і сутнасць з'яўляюцца прадметам даследавання спецыяльнай навукі - аксіялогіі. Як асобная навуковая дысцыпліна яна ўзнікла ў 2-й палове 19 ст., хоць розныя пытанні агульнай праблемы прыроды каштоўнасці (сэнс жыцця, сутнасць дабра і зла, справядлівасці і несправядлівасці) ставіліся на працягу ўсёй гісторыі філасофіі, пачынаючы са старажытнасці (Арыстоцель, Платон, Пратагор, Сакрат, Аўгусцін, П.Абеляр, Фама Аквінскі, Г.Гегель, І.Кант і інш.). Упершыню філасофскае азначэнне паняцця «каштоўнасці» як станоўчай або адмоўнай значнасці аб'екта ў адрозненне ад яго існавання было дадзена ў 1880-я г. нямецкімі філосафамі Р.Г.Логцэ і Г.Когенам. У сацыялогіі паняцце «каштоўнасць» увялі амерыканскія вучоныя Ў.Томас і Ф.Знанецкі, якія ў 1918 далі яго вызначэнне праз паняцце грамадскай значнасці прадмета і сацыяльнай устаноўкі, або больш ці менш выяўленых «правіл паводзін» асобы. У Беларусі філасофскі прынцып духоўнай самакаштоўнасці чалавека, хрысціянскія маральныя ідэалы дабра і справядлівасці знайшлі адлюстраванне ў дзейнасці і творчасці Клімента Смаляціча, Ефрасінні Полацкай і Кірылы Тураўскага. У высокай духоўнасці, самаахвярным служэнні Бацькаўшчыне, агульнаму дабру і шчасцю суайчыннікаў бачылі галоўнае прызначэнне асобы Ф.Скарына, М.Гусоўскі, С.Будны, В.Цяпінскі, А.Волан, М.Сматрыцкі, Сімяон Полацкі, К.Каліноўскі, Ф.Багушэвіч, М.Багдановіч, Я.Купала, А.Луцкевіч, І.Канчэўскі і іншыя мысліцелі-гуманісты.