Дабро і зло, найбольш важныя катэгорыі этыкі, супрацьпастаўленне маральнага і амаральнага, таго, што адпавядае сацыяльным нормам грамадства і таго, што ім супярэчыць. Гэта найбольш агульныя формы размежавання і супрацьпастаўлення дадатнага і адмоўнага ў матывах і ўчынках людзей. З дапамогай гэтых катэгорый людзі ацэньваюць сацыяльную практыку, паводзіны і дзеянні асобных індывідаў, іх маральнае аблічча. У паняцці дабра яны адлюстоўваюць свае найбольш агульныя інтарэсы, імкненні, пажаданні і надзеі на будучыню, якія выступаюць тут у выглядзе абстрактнай маральнай ідэі аб тым, што павінна быць і заслугоўвае ўхвалення. Гістарычна паняцце «дабро» ўзнікла як спосаб размеркавання і пераразмеркавання пэўных каштоўнасцей, маёмасці, багацця. Так, Арыстоцель лічыў: «Каб рабіць дабро, трэба перш за ўсё яго мець». У рэлігійнай інтэрпрэтацыі дабро атаясамліваецца з Богам, яго дабрадзейнасцю, а крыніцай зла з'яўляецца сатана і богаадступніцтва. Утылітарысцкія канцэпцыі звязвалі паняцце дабра з імгненнай карысцю, выгадай, асабістым поспехам; прагматычныя тэорыі - з поспехам, удачай. Рэлятывісцкае разуменне гэтых паняццяў звязана са спробай сцерці мяжу паміж дабром і злом, укараніць у паводзінах чалавека самавольства. Напрыклад, Ф.Дастаеўскі лічыў, што свабода асобы, звязаная з усёй яе структурай, не толькі крыніца дабра, але і зла - «падполля чалавека».