Справядлівасць. Такая катэгорыя маральна-прававой і сацыяльна-палітычнай свядомасці звязана з гістарычна зменлівымі ўяўленнямі пра неад'емныя правы чалавека. Мае на ўвазе патрабаванне адпаведнасці паміж практычнай роляй чалавека (сацыяльнай групай) у жыцці грамадства і яго фактычным сацыяльным становішчам, паміж правамі і абавязкамі, злачынствам і пакараннем і г.д. Неадпаведнасць гэтых суадносін ацэньваецца як несправядлівасць. Справядлівасць - мера роўнасці (ці няроўнасці) у грамадскім становішчы людзей, класаў і сацыяльных груп. У першабытным грамадстве справядлівасць зводзілася да прытрымлівання агульнапрынятага парадку. Пазней яна ўключала размеркаванне паміж людзьмі пэўных даброт. Першай спробай тэарэтычна асэнсаваць справядлівасць была канцэпцыя Платона, які імкнуўся вырашыць дылему роўнасці і саслоўных прывілеяў. Яго формулай каставай справядлівасці стала - кожнаму сваё. Блізкая да платонаўскай формула хрысціянскай справядлівасці (кесару - кесарава). Арыстоцель увёў паняцці «ўраўноўвальнай і размяркоўвальнай справядлівасці». Сацыялісты-ўтапісты (А.Сен-Сімон, Ш.Фур'е, Р.Оўэн) заклікалі да стварэння такога сацыяльнага ладу, у якім існавала б справядлівасць пры размеркаванні матэрыяльных і духоўных даброт. Але гэта быў пазагістарычны (утапічны) падыход да вырашэння грамадскіх праблем. Справядлівасць мае канкрэтна-гістарычны характар і залежыць ад сацыяльна-эканамічных адносін і ўмоў жыцця людзей. Паняцце справядлівасці ўключае роўнасць людзей у адносінах да сродкаў вытворчасці, у іх стартавых магчымасцях, а таксама роўнасць іх рэальных сацыяльных і палітычных правоў і свабод.