Інтуіцыя (ад лац. intueri - пільна, уважліва глядзець), пазнавальны працэс спазнання ісціны праз непасрэднае ўспрыманне без доказаў. Працэс гэты адбываецца нечакана, непрадказальна, у выглядзе своеасаблівай успышкі ці прасвятлення, што не суправаджаюцца разумовымі ці лагічнымі вывадамі, якія свядома кантралююцца; чалавек звычайна не ў стане даць здавальняючы адказ на пытанне, якім чынам атрыманы веды, якія тым не менш здаюцца яму яснымі, відавочнымі, сапраўднымі і не патрабуюць доказаў. Вынікам інтуіцыі можа быць новая ідэя, гіпотэза, прадугаданне інфармацыі, якой не хапала, разуменне ўнутранай складанасці, арганізаванасці з'яў, што разглядаюцца, іх прычын і вынікаў. Асаблівую каштоўнасць інтуіцыя мае ў мастацкай і навуковай творчасці, дзе з яе дапамогай могуць быць дасягнуты значныя вынікі. На працягу многіх стагоддзяў інтуіцыю разглядалі як адну з невырашальных загадак. Яе імкнуліся зразумець такія славутыя мысліцелі, як Платон, Дэкарт, Г.Лейбніц, І.Кант і інш. Зразумела стала толькі адно, што ў аснове інтуіцыі ляжаць назапашаныя чалавекам веды і абагульнены вопыт.

Інтуіцыя адыгрывае вялікую ролю і ў працэсах штодзённых адносін людзей. Інтуітыўная ацэнка другога чалавека, яго намераў, мэт, інтарэсаў, думак назіраецца часта і добра, калі яна адпавядае сапраўднасці. Але ж нярэдка ацэнка можа быць прадузятая, памылковая. Тады гэта прыводзіць да цяжкіх эмацыянальных канфліктаў.

Паведаміць пра недакладнасьць