Ірацыяналізм (ад лац. irrationalis - неразумны). На працягу шматвяковай гісторыі чалавек імкнуўся пераадолець перашкоды, шукаў новыя магчымасці для вырашэння цяжкасцей, самаўдасканальваўся, што спрыяла далейшаму прагрэсу чалавецтва. Але пры пэўных сацыяльных умовах, асабліва ў пераломныя эпохі, бяссілле, песімізм і скептыцызм, настрой думак атрымалі абгрунтаванне ў вучэннях, якія свядома прыніжалі значэнне ведаў, розуму і навукі. Гэтыя філасофскія вучэнні інтэлект падмяняюць сляпой верай, логіку - інстынктам. Яны імкнуцца навязаць людзям думку, што ў свеце пануе хаос, усё носіць бяссэнсавы і выпадковы характар, таму немагчыма якая-небудзь разумная дзейнасць. Такія філасофскія погляды атрымалі назву ірацыяналізму. У шырокім сэнсе ірацыяналізм - гэта любыя канцэпцыі, якія лічаць асновай быцця і светапогляду нешта недасягальнае і непадуладнае розуму, тое, што раскрываецца з дапамогай перажыванняў, містычнага «азарэння», волі і г.д. Гэта разнавіднасць ідэалістычнага светапогляду. Адмаўляючы чалавечаму розуму ў здольнасці дакладна ўяўляць рэальны свет, ірацыяналізм далучаецца да агнастыцызму. Розніца паміж імі ў тым, што для ірацыяналізму свет непазнавальны толькі для розуму адкрываецца нерацыянальным спосабам. Па сваіх зыходных устаноўках ірацыяналізм несумяшчальны з любымі формамі навуковага тлумачэння рэчаіснасці, з'яўляецца іх антыподам. Ірацыяналізм імкнецца разбурыць рацыянальныя механізмы разумення, уздзейнічаць на ўяўленні, сферу падсвядомага, актыўна садзейнічае сацыяльнай дэзарыентацыі асобы, яе духоўнаму прыгнёту.
У грамадстве непазбежна ўзнікаюць розныя формы ірацыяналізму, калі яно не ў стане рацыянальна (планамерна і мэтанакіравана) рэгуляваць, кіраваць уласнымі сацыяльнымі адносінамі і сіламі, і яны праяўляюцца як непадуладныя сілы прыроды. Шырокая плынь філасофскага ірацыяналізму ў 19-20 ст. адлюстравала глыбокі крызіс буржуазнага грамадства і яго культуры. Прадстаўнікі ірацыяналістычнай філасофіі 19 ст. - А.Шапенгаўэр, С.К'еркегор, Э.Гартман і Ф.Ніцшэ. Традыцыі ірацыяналізму прадоўжаны ў фрэйдызме, экзістэнцыялізме і іншых кірунках філасофіі, сацыялогіі і псіхалогіі.