Канкурэнцыя (позналац. concurrentia ад concurrere - сутыкацца). У рыначнай эканомікі жорсткі закон: карыстаюцца попытам і даюць прыбытак тавары адносна танныя і з высокімі спажывецкімі якасцямі. Таму таваравытворцы вымушаны пастаянна выкарыстоўваць навукова-тэхнічныя навацыі, павышаць прадукцыйнасць працы, паляпшаць якасць тавараў (паслуг), зніжаць выдаткі вытворчасці, каб апярэдзіць сапернікаў, зацікавіць спажыўцоў, забяспечыць больш выгадны збыт сваёй прадукцыі. Прытым яны імкнуцца захаваць тайну пра сваю дзейнасць. Гэта і ёсць канкурэнцыя - эканамічная барацьба, саперніцтва паміж адасобленымі таваравытворцамі за найбольш спрыяльныя ўмовы вытворчасці і рэалізацыі сваіх тавараў (паслуг).

Адрозніваюць некалькі відаў канкурэнцыі. Для капіталізму 19 ст. была характэрная свабодная канкурэнцыя: таваравытворцы вялі паміж сабой канкурэнтную барацьбу толькі шляхам зніжэння цэн. Такая канкурэнцыя блізкая да тэарэтычнай мадэлі дасканалай ці неабамежаванай канкурэнцыі, калі таваравытворцы, прадаўцы або пакупнікі не могуць уплываць на ўзровень рыначнай цаны тавараў (паслуг). Але рэальна яна не існуе. Манаполіі, якія ўзніклі з развіццём капіталізму, атрымалі магчымасць устанаўліваць манапольна высокія цэны на пэўныя віды тавараў (паслуг) і тым самым знішчаць дробных канкурэнтаў. Але дзяржавы з развітай рыначнай эканомікай не зацікаўлены ў гэтым і з мэтаю абароны дробных таваравытворцаў і развіцця канкурэнцыі ажыццяўляюць антыманапольную палітыку.

Практычна ў краінах з развітай рыначнай эканомікай існуе алігаполія - такі тып рыначнай структуры, пры якой некалькі буйных прадпрыемстваў (фірмаў) манапалізуюць вытворчасць і збыт асноўнай масы прадукцыі і вядуць паміж сабой пераважна нецанавую канкурэнцыю. Рэалізуючы прадукцыю (паслугі) па вызначанай цане, кожнае прадпрыемства (фірма) манапалістычнага аб'яднання імкнецца забяспечыць сабе пэўныя перавагі. Дасягаецца гэта выпускам новых ці істотна мадэрнізаваных тавараў (канкурэнцыя па прадукту) ці дадатковым зацікаўленнем спажыўца праз рэкламу, цэнавыя льготы, кантроль за дзейнасцю гандлёвай сеткі (канкурэнцыя па ўмовах продажу). Такім шляхам дзяржава рэгулюе суадносіны паміж манаполіяй і канкурэнцыяй.

Існуе таксама нядобрасумленная канкурэнцыя - з парушэннем прынятых нормаў і правіл. Але вядомым фірмам, што ахоўваюць свой імідж, які дапамагае ім у канкурэнтнай барацьбе, яна не характэрная. Важны паказчык дзелавой актыўнасці прадпрыемства (фірмы) - канкурэнтаздольнасць прадукцыі, які вызначаецца суадносінамі карыснага эфекту гэтай прадукцыі да затрат на яе набыццё і эксплуатацыю.

Паводле марксісцкай тэорыі ў сацыялістычным грамадстве жорсткую канкурэнцыю замяняе сацыялістычнае спаборніцтва, заснаванае на ўзаемадапамозе, вывучэнні і пашырэнні перадавога вопыту, спалучэнні матэрыяльных і маральных стымулаў працы. Яно давала пэўны эканамічны эфект, але часта насіла фармальны, паказны характар і не аказвала такога ўплыву на эканоміку, як канкурэнцыя.

Паведаміць пра недакладнасьць