Канстытуцыйныя правы, свабоды і абавязкі, замацаваныя Канстытуцыяй асабістыя, палітычныя, сацыяльна-эканамічныя, сацыяльна-культурныя правы і абавязкі грамадзян. Яны ствараюць аснову прававога статуса грамадзяніна, узаемаадносіны дзяржавы і асобы. Да асабістых правоў і свабод, замацаваных Канстытуцыяй Беларусі, адносіцца права на жыццё, недатыкальнасць і годнасць асобы; абарона ад незаконнага ўмяшання ў асабістае жыццё; недатыкальнасць жылля і іншых законных уладанняў; свабода перамяшчэння і выбару месца жыхарства ў межах краіны, пакіданне яе і бесперашкоднае вяртанне назад; вызнанне любой рэлігіі; уступленне ў шлюб і стварэнне сям'і. Да палітычных правоў і свабод адносяцца свабода поглядаў, перакананняў і іх выказвання, права на атрыманне, захоўванне поўнай своечасовай інфармацыі аб дзейнасці дзяржаўных органаў і грамадскіх аб'яднанняў, аб палітычным, эканамічным і міжнародным жыцці, стане навакольнага асяроддзя; свабода сходаў, мітынгаў, вулічных шэсцяў, дэманстрацый і пікетавання; права свабодна выбіраць і быць выбранымі ў дзяржаўныя органы, мець доступ да любых пасад у дзяржаўных органах. У ліку асноўных сацыяльных і эканамічных правоў гарантуецца права на працу, на дапамогу па беспрацоўі; права на абарону сваіх эканамічных і сацыяльных інтарэсаў, права на забастоўку; права на ахову здароўя, сацыяльную ахову і жыллё. У склад сацыяльна-культурных правоў уваходзяць права на ўдзел у культурным жыцці і свабоду творчасці.

Адначасова Канстытуцыя замацоўвае абавязак кожнага паважаць годнасць, правы, свабоды і законныя інтарэсы іншых асоб, берагчы гістарычна-культурную спадчыну і інш. культурныя каштоўнасці, ахоўваць прыроднае асяроддзе, плаціць падаткі. Абарона Беларусі абвешчана абавязкам і свяшчэнным доўгам яе грамадзян. Абмежаванне правоў і свабод асобы дапускаецца толькі ў выпадках, прадугледжаных законам, і калі гэтага патрабуюць інтарэсы нацыянальнай бяспекі, грамадскага парадку, абароны маралі, здароўя насельніцтва, правоў і свабод іншых асоб.

Паведаміць пра недакладнасьць