Канфесія (ад лац. confessio - прызнанне, споведзь), веравызнанне. Тэрмін мае два вельмі блізкія, але розныя значэнні. Кожная рэлігія ўключае пэўнае веравучэнне і пэўную абраднасць. Кароткую лаканічную фармулёўку веравучэння называюць сімвалам веры, або крэда (напрыклад, у мусульман-сунітаў сімвалам веры з'яўляецца выслоўе: «Няма Бога, акрамя Аллаха і Мухамед прарок яго»). Падрабязна ж распрацаванае веравучэнне, выкладзенае ў спецыяльных палажэннях, называюць канфесіяй. Гэты тэрмін выкарыстоўваюць у дачыненні да рэлігійных кірункаў, якія маюць развітую багаслоўскую школу (юдаізм, хрысціянства, іслам, будызм і інш.). У дачыненні да язычніцкіх вераванняў тэрмін, як правіла, не ўжываюць. У Беларусі вядомы розныя хрысціянскія канфесіі: праваслаўе, каталіцызм, баптызм і інш. Так, каталіцызм з'яўляецца адзінай канфесіяй, г.зн. мае адзінае хрысціянскае веравучэнне, хоць уключае не толькі рымска-каталіцкую царкву (царкву лацінскага або заходняга абраду), але і былыя праваслаўную і старажытнаўсходнія цэрквы, якія прызналі ўладу папы рымскага і ператварыліся такім чынам у вуніяцкія пры захаванні сваёй абраднасці. Сярод іх грэка-каталіцкая царква (ёсць і цяпер у Беларусі), армяна-каталіцкая, копцка-каталіцкая (у Эгіпце), мараніцкая (у Ліване) і інш. Усе гэтыя цэрквы належаць да адзінай каталіцкай канфесіі і адрозніваюцца толькі абраднасцю, вернікаў гэтых цэркваў часта называюць католікамі ўсходняга абраду. Другое значэнне тэрміна «канфесія» - прыналежнасць да пэўнай царквы, як у веравучэнні, так і ў абраднасці. У гэтым сэнсе вуніяцкія аб'яднанні лічацца асобнымі канфесіямі. У большасці краін свету царква аддзелена ад дзяржавы. У некаторых жа краінах канфесіяналізм уплывае і на палітычнае жыццё. Яскравым прыкладам у гэтых адносінах з'яўляецца Ліван. Сярод 99 дэпутатаў яго парламента павінна быць 55 хрысціян (30 маранітаў, 11 праваслаўных, 6 грэка-католікаў, 4 армяна-грыгарыяніны, 1 армяна-католік, 1 пратэстант і 1 прадстаўнік рэлігійных меншасцей) і 45 мусульман (20 сунітаў, 19 шыітаў і 6 друзаў); прэзідэнтам можа быць толькі хрысціянін-мараніт, прэм'ер-міністрам - мусульманін-суніт, старшынёй парламента - мусульманін-шыіт.

Паведаміць пра недакладнасьць