Кібернетыка (ад грэч. kybernetike - мастацтва кіравання), навука аб агульных рысах працэсаў і сістэм кіравання ў тэхнічных прыладах, жывых арганізмах і чалавечых арганізацыях. Як асобая галіна міждысцыплінарнага характару сфармавалася ў сярэдзіне 20 ст. Прынцыпы кібернетыкі ўпершыню выкладзены ў працах амерыканскага матэматыка Н.Вінера (1894-1964). Узнікненне кібернетыкі падрыхтавана шэрагам тэхнічных і прыродазнаўчых дасягненняў у галіне тэорыі аўтаматычнага рэгулявання: радыёэлектронікі, якая дазволіла сканструяваць хуткадзеючыя назіральныя і праграмна-кіроўныя вылічальныя прылады; матэматычнай логікі і тэорыі алгарытмаў; фізіялогіі нервовай дзейнасці і інш. У адрозненне ад прылад, якія пераўтвараюць энергію або рэчыва, для кібернетычных сістэм характэрны працэсы перапрацоўкі інфармацыі. Інфармацыйна-рэгулятыўныя працэсы ўзніклі разам з арганічным жыццём на Зямлі: аднаклетачныя арганізмы - гэта першыя кібернетычныя сістэмы прыроднага паходжання, якія валодаюць асаблівай функцыянальнай уласцівасцю, што не можа быць выяўлена з дапамогай органаў пачуццяў і прыбораў і праяўляецца ў інфармацыйна-рэгулятыўных працэсах. Займаючы прамежкавае становішча паміж філасофіяй і матэматыкай, з аднаго боку, і прыватнымі навукамі - з другога, агульная тэорыя сістэм і тэхнічная кібернетыка ствараюць асаблівы міждысцыплінарны блок навуковых ведаў, які нельга аднесці ні да гуманітарных, ні да тэхнічных, ні да прыродазнаўчых навук і які дапамагае філасофіі і матэматыцы ў інтэграцыі сучаснай навукі. Такім чынам, эпоха навукова-тэхнічнай рэвалюцыі прынесла агульную тэорыю сістэм і кібернетыку, якія радыкальным чынам змянілі навуковую карціну свету і стыль мыслення сучаснага вучонага.