Інфармацыя (ад лац. informatio - тлумачэнне, выкладанне). Звычайна пад словам «інфармацыя» разумеюць паведамленне пра якія-небудзь з'явы, факты. Хуткае развіццё навукова-тэхнічнага прагрэсу ў 2-й палове 20 ст. садзейнічала фармаванню і агульнай тэорыі інфармацыі. З гэтага часу яна становіцца агульнанавуковым паняццем. У залежнасці ад функцый у розных галінах навукі ёй надаецца рознае тлумачэнне. Вылучаюць біялагічную, тэхнічную і сацыяльную інфармацыі. У самым агульным выглядзе інфармацыю можна вызначыць так: 1) перадача ці адлюстраванне разнастайнасці ў любых аб'ектах і працэсах прыроды; 2) асобныя звесткі ці сукупнасць якіх-небудзь звестак, ведаў, што перадаюцца людзьмі; 3) у матэматыцы, кібернетыцы - колькасная мера зняцця неакрэсленасці, мера арганізацыі сістэм. Метадалагічнай асновай даследавання ўсіх відаў інфармацыі з'яўляецца тэорыя адлюстравання. Вышэйшай формай адлюстравання з'яўляецца мысленне чалавека. У навуцы лагічную інфармацыю разглядаюць звычайна ў статыстычным і зместавым аспектах. Для кібернетыкі найбольш важны колькасны бок інфармацыі. Практычная значнасць даследавання колькасных характарыстык інфармацыі стымулявала развіццё інфарматыкі - навукі пра заканамернасці і прынцыпы, у адпаведнасці з якімі адбываюцца працэсы фармавання, пераўтварэння, зберагання і выкарыстання ўсіх відаў інфармацыі з шырокім выкарыстаннем сучасных сродкаў вылічальнай, інфармацыйнай, камп'ютэрнай тэхнікі, сродкаў сувязі. Інфарматыцы належыць адно з вядучых месцаў у навукова-тэхнічнай палітыцы ўсіх прамыслова развітых краін. Зместавая інфармацыя па сваім характары з'яўляецца сацыяльнай, таму што ўзнікае ў працэсе зносін людзей і адлюстроўвае факты, з'явы розных сфер грамадскага жыцця (палітычнай, эканамічнай, культурнай, ваеннай, спартыўнай). Найважнейшы канал пашырэння сацыяльнай інфармацыі ў грамадстве - сродкі масавай інфармацыі: друк, радыё, тэлебачанне.

Паведаміць пра недакладнасьць