Мараль (франц. morale ад лац. moralis - маральны), адзін з асноўных спосабаў нарматыўнай рэгуляцыі дзеянняў чалавека ў грамадстве; асаблівая форма грамадскай свядомасці і від грамадскіх адносін (маральныя адносіны); прадмет спецыяльнага вывучэння этыкі. Мараль рэгулюе паводзіны чалавека ва ўсіх без выключэння сферах яго грамадскага жыцця - у працы, побыце, палітыцы, навуцы, у сям'і і грамадскіх месцах, хоць і адыгрывае ў іх неаднолькавую ролю. Акрамя маралі ва ўсіх гэтых сферах дзейнічаюць і іншыя рэгулятары паводзін - дзяржаўныя прававыя нормы і дэкрэты, вытворча-адміністрацыйныя інструкцыі, статуты і ўказанні. На паводзіны людзей ўздзейнічаюць і такія грамадскія фактары, як выхаванне, звычаі, традыцыі, грамадская думка. Ва ўсёй разнастайнасці грамадскай дзейнасці чалавека спецыфічна маральны бок паводзін можна адрозніць толькі паводле спосабу, якім рэгулююцца тыя ці іншыя ўчынкі. Так, эканамічнае рэгуляванне ажыццяўляецца праз матэрыяльныя інтарэсы людзей; нормы права замацоўваюцца ў афіцыйным заканадаўстве і падтрымліваюцца сілай дзяржаўнага прымусу; адміністрацыйныя формы кантролю здзяйсняюцца праз размеркаванне абавязкаў і афіцыйных паўнамоцтваў паміж асобамі; у паўсядзённым жыцці патрабаванні маралі кантралююцца грамадскай думкай. Аўтарытэт чалавека ў пытаннях маралі не звязаны з якімі-небудзь афіцыйнымі паўнамоцтвамі, рэальнай уладай або грамадскім становішчам. Ён з'яўляецца духоўным аўтарытэтам і залежыць ад таго, наколькі правільна чалавек разумее сэнс маральных патрабаванняў і выконвае іх. У адрозненне ад звычаяў, норавы падтрымліваюцца не толькі ў выніку заведзенага і агульнапрызнанага парадку, а набываюць сэнс агульначалавечых маральных каштоўнасцей і прынцыпаў. Апошнія аб'ядноўваюцца ў стройную сістэму поглядаў на прызначэнне чалавека, дабро і зло, сэнс жыцця. З дапамогай гэтай сістэмы можна ацаніць кожны ўчынак, лінію паводзін або лад жыцця ў цэлым. Важную ролю ў маральным стане чалавека адыгрывае яго свядомасць. Абапіраючыся на выпрацаваныя грамадствам маральныя крытэрыі, асобны індывід можа рэгуляваць свае паводзіны і даваць маральную ацэнку ўсяму, што адбываецца вакол яго. Чалавек можа выступаць і як аб'ект грамадскага кантролю, і як самастойная асоба (суб'ект) з уласнай маральнай самасвядомасцю (перакананнямі, пачуццямі, схільнасцямі, сумленнем). Мараль складаецца з дзейнасці, паводзін і ўчынкаў людзей, матываваных спецыяльным чынам. Маральная дзейнасць і адносіны адлюстроўваюцца і замацоўваюцца ў свядомасці чалавека. Адзінства ўсіх гэтых бакоў вызначае прыроду і спецыфіку маралі.