Менталітэт (ментальнасць; франц. mentalité ад лац. mentalis - разумовы, духоўны), своеасаблівы тып, спосаб мыслення і светабачання асобнага чалавека або пэўнай супольнасці. Спецыфічныя ўяўленні пра саміх сябе, прыроднае і сацыяльнае асяроддзе маюць прадстаўнікі розных краін, народаў, гістарычных эпох, сацыяльных, канфесійных, этнічных, прафесіянальных, полаўзроставых супольнасцей. Таму адрозніваюць такія разнавіднасці менталітэту, як першабытны, антычны, сярэднявечны, дзіцячы, жаночы, мужчынскі, таталітарны, бюракратычны, рэлігійны, сялянскі і г.д. Тэрміны «менталітэт» і «ментальнасць» увёў у навуковы ўжытак амерыканскі філосаф Р.Эмерсан у сярэдзіне 19 ст. Гэтая праблематыка паглыблена развіта ў працах Г.Лебона, Л.Леві-Бруля, Ж.Лефеўра д'Этапле, Э.Фрома, З.Фройда, І.Хёйзінга, К.Юнга і інш. вучоных, якія паказалі ўплыў на ментальнасць падсвядомых імпульсаў, біялагічных, геаграфічных, кліматычных, сацыяльных, культурных і інш. фактараў.

Для менталітэту беларусаў у старажытны перыяд былі ўласцівыя язычніцкі політэізм (вера ў адначасовае існаванне многіх багоў), абагаўленне зямлі, крыніц, нябесных свяціл, дрэў, камянёў і іншых прыродных з'яў (пантэізм), перакананне ў рэальным існаванні душы, злых і добрых духаў (анімізм), адчуванне непарыўнай еднасці паміж чалавекам і ўсёй навакольнай прасторай. Пасля прыняцця хрысціянства ў 10-12 ст. адбывалася своеасаблівае перапляценне двух тыпаў светабачання - старога язычніцкага і новага хрысціянскага з яго монатэізмам (перакананне ў існаванні адзінага Бога), уяўленнямі пра стварэнне Сусвету і чалавека па волі Божай, пра неабходнасць для выратавання душы выконваць спецыяльныя абрады, ушаноўваць хрысціянскіх святых і г.д. Але ва ўсе часы беларусам была ўласцівая моцная прывязанасць да сваёй зямлі-карміцелькі, да роднага кутка, пастаяннае імкненне гарманічна прыстасоўваць працу і адпачынак да пэўных прыродна-сезонных цыклаў, пор года (т.зв. «каляндарны накірунак ментальнасці»), надзвычайная талерантнасць (цярпімасць) да прадстаўнікоў іншых нацыянальнасцей і веравызнанняў. Такі традыцыйны беларускі менталітэт у сваіх асноўных рысах доўгі час захоўваўся без істотных змен. У сучасны перыяд пад уплывам істотных грамадскіх змен менталітэт многіх грамадзян Беларусі паступова пазбаўляецца празмернай заідэалагізаванасці, бязбожніцтва, у ім умацоўваюцца ідэі аб неабходнасці сацыяльна-эканамічных пераўтварэнняў, незалежнасці краіны, свабоднага развіцця і самасцвярджэння асобы.

Паведаміць пра недакладнасьць