Мілітарызм (франц. militarisme ад лац. militaris - ваенны), палітыка, арыентаваная на ваенныя сродкі вырашэння знешніх і ўнутраных праблем. Праяўляецца ў бурнай ваенізацыі эканомікі і гонцы ўзбраення, вялізных ваенных выдатках і несуразмерным росце ўзброеных сіл, узмацненні ролі ваеншчыны ў грамадска-палітычным і эканамічным жыцці. Развіццю мілітарызму садзейнічае стварэнне ваенна-прамысловых комплексаў, якія ў найбольш мілітарызаваных краінах становяцца асновай дзяржаўна-манапалістычнага капіталу. Нягледзячы на часовае павелічэнне агульнага аб'ёму вытворчасці, якое садзейнічае накапленню ваеннага капіталу, стварэнню гарантаванага рынку ўзбраення і ўзбагачэнню ваенна-прамысловых манаполій, мілітарызацыя эканомікі і вядзенне войнаў вычэрпвае эканамічныя рэсурсы любой краіны, падрывае асновы пашыранага ўзнаўлення вытворчасці. Развіццё мілітарызму непазбежна выклікае павелічэнне дзяржаўнага доўгу, дарагоўлю жыцця, скарачэнне выдаткаў на асвету, ахову здароўя, сацыяльнае забеспячэнне. Мілітарысцкая знешняя палітыка некаторых дзяржаў прывяла да дзвюх сусветных і каля 300 лакальных войнаў, у ходзе якіх загінула каля 100 млн. чалавек; эканоміцы і культуры ўцягнутых у ваенныя канфлікты краін нанесены незлічоныя матэрыяльныя і духоўныя страты. Процілеглае гэтаму паняццю - раззбраенне.

Паведаміць пра недакладнасьць