Мова. У любой сферы чалавечага жыцця найважнейшай умовай асэнсавання і паспяховай дзейнасці з'яўляюцца зносіны людзей, у ходзе якіх набываюцца веды, адбываецца абмен вопытам, навыкамі, перадаецца сацыяльна важная інфармацыя і г.д. Разумець адзін аднаго людзям дапамагае мова. Яе паходжанне звязана са станаўленнем чалавека як сацыяльнай істоты. Па меры вылучэння першабытных людзей з прыроднага асяроддзя, гукавыя сігналы са сродку выказвання эмоцый і інстынктаў ператварыліся ў інструмент абазначэння рэчаў, іх уласцівасцей і адносін, сталі сродкам перадачы наўмыснага паведамлення. Мова - гэта сістэма дыскрэтных (членараздзельных) гукавых знакаў, якая служыць сродкам чалавечых зносін, мысліцельнай дзейнасці, спосабам выяўлення самасвядомасці асобы, зберажэння і перадачы ад пакалення сацыяльна-гістарычнага вопыту, культурнай спадчыны. Яна найважнейшы фактар духоўнага прагрэсу чалавецтва. Неаддзельная ад шматвяковага вопыту народаў, мова адлюстроўвае ў сваім строі, нормах, лексіцы своеасаблівасць гістарычнага шляху, устойлівыя рысы грамадскай свядомасці і народнай псіхалогіі, звычаі, навыкі, вераванні людзей, нацыянальную спецыфіку іх культуры, светаўспрымання, жыццёвых каштоўнасцей і г.д. (гл. таксама Дзяржаўная мова). Мнагамернасць свету мовы, непарыўная сувязь з рознымі формамі чалавечага быцця зрабілі яе прадметам вывучэння як гуманітарных, так і прыродазнаўчых навук. Навукай, якая непасрэдна займаецца разглядам мовы ў адзінстве яе асноўных бакоў, уласцівасцей і функцый, з'яўляецца мовазнаўства. Як складаная знакавая сістэма, падпарадкаваная спецыфічным законам функцыянавання, мова цесна звязана з мысленнем. Праз мову акумулююцца, фіксуюцца, зберагаюцца для будучых пакаленняў і становяцца ўсеагульным здабыткам вынікі пазнавальнай дзейнасці, дасягненні культуры і сацыяльны вопыт чалавецтва. Асаблівасцю чалавечай мовы з'яўляецца яе здольнасць да самаапісання і апісання іншых знакавых сістэм, а таксама да іх канструявання. Цяпер у свеце налічваецца больш як 3 тыс. натуральных моў, якія стыхійна ўзніклі ў ходзе гістарычнага развіцця чалавецтва і выкарыстоўваюцца ў паўсядзённым жыцці. У 2-й палове 19 ст. варшаўскі лекар Людвік Заменгоф стварыў штучную міжнародную мову - эсперанто, карані слоў якой узяты з найбольш пашыраных эўрапейскіх моў. Існуюць і спецыяльна створаныя штучныя мовы з пэўнай сукупнасцю знакаў (алфавітам), правіламі іх спалучэння і выкарыстання. Гэта мова матэматычнай сімволікі, мова фізічных тэорый, мова і коды праграмавання для ЭВМ, розныя сістэмы сігналізацыі (азбука Морзе, дарожныя знакі) і г.д. У сувязі з узрастаннем ролі навукі ў жыцці грамадства павысілася цікавасць да вывучэння заканамернасцей штучных (фармалізаваных) моў, якія аналізуюцца ў рамках навукі семіётыкі. Працэс камп'ютэрызацыі вытворчай і бытавой сферы жыцця зрабіў актуальнай задачу масавага авалодання мовай праграмавання.