Нацыянальная самасвядомасць, сукупнасць уяўленняў, ведаў і пачуццяў чалавека аб сваёй прыналежнасці да пэўнай нацыі, а таксама аб самім сабе, сваім паходжанні, месцы і ролі ў жыцці роднага народа. Фармуецца ў працэсе ўтварэння нацыі на аснове ўсведамлення свайго агульнага паходжання і непарыўнай звязанасці з роднай зямлёй, адчування самабытнасці сваёй культуры, мовы, нацыянальнага характару, менталітэту, а таксама пачуцця агульнанацыянальнай салідарнасці. Этнічная самасвядомасць узнікла ў старажытнасці, калі чалавек пачаў усведамляць сваё адрозненне ад іншаэтнічнага насельніцтва па антрапалагічных, культурных, рэлігійных і інш. прыкметах і мысліць у катэгорыях супрацьпастаўлення «мы-яны». Уласна нацыянальная самасвядомасць большасці народаў свету аформілася ў канцы 18-20 ст., калі на розных кантынентах у выніку кансалідацыі сфармаваліся сучасныя нацыі (ангельская, нямецкая, расейская, французская, японская і многія інш.). Гісторыя сведчыць, што фармаванне і развіццё нацый паскаралі (хоць і не заўсёды) такія фактары, як небяспека знешняй агрэсіі, каланізацыя, пагроза моўнай і культурнай асіміляцыі. Так, нацыянальна-вызваленчая барацьба супраць каланіялізму прывяла да станаўлення развітых формаў нацыянальнай самасвядомасці значна раней за ліквідацыю феадальна-племяннога ладу жыцця ў шэрагу краін Азіі і Афрыкі. Нацыянальная самасвядомасць беларусаў аформілася адносна позна, у 2-й палове 19 - пачатку 20 ст., што было звязана з узмацненнем нацыянальна-вызваленчага руху і актывізацыяй нацыянальна-культурнага жыцця. Напачатку яе больш высокі ўзровень быў уласцівы прадстаўнікам творчай інтэлігенцыі, шляхце, частцы сялянства. У 1920-я г. нацыянальная самасвядомасць прыкметна вырасла сярод прадстаўнікоў усіх сацыяльных катэгорый насельніцтва Беларусі, што звязана з ажыццяўленнем палітыкі беларусізацыі, гарманізацыяй міжнацыянальных адносін. У далейшым яе развіццё было запаволена пад уплывам узмацнення працэсаў дэнацыяналізацыі грамадства. Сёння паглыбленне нацыянальнай самасвядомасці з'яўляецца важным сродкам самазахавання беларускай нацыі і раскрыцця яе творчых магчымасцей у пабудове свабоднага, дэмакратычнага грамадства.