Нацыянальны даход. Звычайна пад даходам разумеюць выручку ад рэалізаванай прадукцыі. У маштабе краіны - гэта сукупны (валавы) грамадскі прадукт у супастаўных (нязменных) цэнах: паказвае, колькі грамадства напрацавала за год. Але гэты паказчык не адлюстроўвае рэзультатыўнасці работы народнагаспадарчага комплексу краіны. Адказ на гэтае пытанне дае нацыянальны даход - нанава створаная вартасць у сферы матэрыяльнай вытворчасці. Для яго вызначэння з сукупнага грамадскага прадукту вылічваюць затраты - кошт выкарыстаных у вытворчым працэсе сродкаў вытворчасці. У былым СССР і іншых краінах сацыялістычнай арыентацыі нацыянальны даход быў галоўным паказчыкам эфектыўнасці грамадскай вытворчасці краіны. На аснове яго аб'ёму, памеру ў разліку на душу насельніцтва, структуры (удзельная вага розных галін эканомікі ў яго стварэнні) і паказчыкаў размеркавання характарызавалі ўзровень развіцця эканомікі і дабрабыту насельніцтва. Па вытворчасці нацыянальнага даходу ў разліку на душу насельніцтва Беларусь займала адно з першых месцаў сярод саюзных рэспублік, амаль 60% яго стваралася ў прамысловасці і будаўніцтве. Аднак нацыянальны даход як паказчык эфектыўнасці грамадскай вытворчасці мае пэўную абмежаванасць, ахоплівае толькі сферу матэрыяльнай вытворчасці, дапускае двайны ўлік (кошт прамежкавай прадукцыі паўторна ўлічваецца ў кошце гатовай прадукцыі) і інш. Таму з пераходам да міжнародных стандартаў у статыстыцы і аналізе для характарыстыкі эфектыўнасці народнагаспадарчага комплексу краіны выкарыстоўваюцца такія паказчыкі, як валавы нацыянальны даход і валавы ўнутраны даход.

Паведаміць пра недакладнасьць