Даходы, грашовая ацэнка вынікаў дзейнасці суб'екта рыначнай эканомікі, грашовая сума, якая рэгулярна і законным шляхам паступае ў непасрэднае распараджэнне рыначнага суб'екта. Галоўныя іх крыніцы - заработная плата, прадпрымальніцкі прыбытак, арэндная плата, асабістая дапаможная гаспадарка, розныя дзяржаўныя выплаты і інш. Даход, як правіла, вызначаецца грашыма. Гэта значыць, што дзейнасць кожнага павінна быць карыснай грамадству, бо толькі ў гэтым выпадку можна атрымаць даход як меру свайго ўдзелу ў сацыяльна-эканамічнай дзейнасці. Інакш кажучы, рыначны даход абумоўлены супадзеннем прапановы тавараў адных рыначных суб'ектаў з попытам на гэтыя тавары іншых суб'ектаў. Як і заработная плата, даходы бываюць намінальныя і рэальныя. Узровень даходаў падзяляе грамадства на багатых і бедных. Багацце забяспечвае жыццёвы камфорт, асабістую свабоду, высокі сацыяльны статус асобы ў грамадстве, а беднасць абмяжоўвае многія бакі жыццядзейнасці чалавека. У ЗША, напрыклад, зафіксавана 10-разовая дыферэнцыяцыя даходаў паводле так званага дэцыльнага каэфіцыента: 10% найбольш забяспечаных сямей атрымліваюць сродкаў у 10 разоў больш, чым 10% сямей з самымі нізкімі даходамі. Крыніцай вялікіх даходаў і багацця К.Маркс лічыў эксплуатацыю: уласнікі капіталу прысвойваюць частку неаплачанай працы наёмных рабочых і таму багацеюць. Тэорыя рыначнай эканомікі дае іншае тлумачэнне: усе затраты па арганізацыі вытворчасці нясуць уласнікі фактараў вытворчасці (капіталу, рэсурсаў і працы), хто робіць большы ўклад у вытворчасць - у таго большы даход. Жаданне камфортна жыць спакушае многіх на «лёгкія» даходы - шляхам карупцыі, мафіі, наркабізнесу, хабарніцтва, рабавання і інш. Для кантролю за крыніцамі і памерамі даходаў у многіх краінах уведзена абавязковае іх дэклараванне.
Няроўнасць у даходах і ў якасці жыцця - адна з прычын канфліктнасці, сацыяльнай напружанасці ў грамадстве, якая можа прывесці да сацыяльнага выбуху. Для вырашэння гэтай праблемы марксізм рэкамендаваў ліквідаваць эксплуататараў, устанавіць агульнанародную ўласнасць на сродкі вытворчасці, а даходы размяркоўваць па працы. Рыначная стратэгія ў сферы даходаў мае іншы падыход: усе не могуць быць багатыя, але ніхто не павінен быць бедны. Багатыя людзі - багатая і краіна, большы яе сусветны прэстыж. Ад дзяржавы тут патрэбна адно: стварыць умовы, каб дзелавыя, энергічныя людзі маглі рэалізаваць свае патэнцыяльныя магчымасці ў прадпрымальніцтве, ажыццявіць сваю прыродную цягу да прыстойнага камфортнага жыцця праз сумленна заробленыя высокія даходы. Валавы даход прадпрыемства і грамадства вызначаюць адпаведна як розніцу паміж выручкай і матэрыяльнымі затратамі на вытворчасць. Гл. таксама Нацыянальны даход.