Падаткі, абавязковыя грашовыя плацяжы, якія дзяржава збірае з юрыдычных і фізічных асоб (прадпрыемстваў, устаноў, насельніцтва). Асноўная іх функцыя фіскальная, бо паступленні ідуць у даход дзяржавы, у дзяржаўны ці мясцовы бюджэт. Падаткі збіралі і збіраюць усе дзяржавы ва ўсе перыяды іх існавання. З іх дапамогай ствараюцца дзяржаўныя даходы і ўмовы для функцыянавання дзяржавы. Акрамя таго, падаткі выкарыстоўваюць для стабілізацыі эканомікі, росту яе патэнцыялу, дасягнення агульнай занятасці насельніцтва і інш. мэт. Такім чынам, падаткі выконваюць і рэгулюючую (стымулюючую) функцыю. Для дасягнення асноўных мэтаў падаткаабкладання неабходна, каб падаткі адпавядалі прынцыпам справядлівасці і эканамічнай эфектыўнасці. Існуе аптымальны ўзровень падатковай нагрузкі, перавышаць які эканамічна немэтазгодна. Фактары, якія ўплываюць на дапушчальную велічыню падатковай нагрузкі, у значнай ступені залежаць ад узроўню сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны. Чым вышэй узровень дабрабыту плацельшчыкаў (грамадзян, суб'ектаў гаспадарання), тым большая іх цярпімасць да падаткаў. У краінах з нізкім узроўнем даходаў не можа быць высокіх падаткаў, інакш страчваюцца стымулы да працы і павышэння легітымных даходаў, якія складаюць аснову росту падатковых сум. Вопыт сведчыць, што высокія падаткі ў краінах з нізкімі даходамі часта вядуць да сур'ёзных сацыяльных узрушэнняў. У наш час узровень падатковай нагрузкі ў краінах з развітой рыначнай эканомікай вагаецца ад 30% валавога ўнутранага прадукту (ЗША) да 57% (Швецыя). У Беларусі ўзровень падаткаў у 1993-1996 складаў 50-60% валавога ўнутранага прадукту. Падатковая сістэма звычайна складаецца з сукупнасці розных падаткаў. Прамыя падаткі ўстанаўліваюцца на даходы і маёмасць фізічных і юрыдычных асоб, ускосныя падаткі ўключаюцца ў цану тавару ці паслугі (падатак на дабаўленую вартасць, акцызы, мытныя пошліны і інш.). Агульнадзяржаўныя падаткі дзейнічаюць на ўсёй тэрыторыі краіны і паступаюць у дзяржаўны бюджэт, мясцовыя падаткі - на тэрыторыі адпаведнага адміністрацыйна-тэрытарыяльнага падраздзялення, а іх сродкі паступаюць у адпаведны мясцовы бюджэт.

Адрозніваюць таксама агульныя падаткі, якія прызначаны для фінансавання расходаў дзяржаўнага і мясцовых бюджэтаў без замацавання за якім-небудзь відам даходу, спецыяльныя, якія маюць мэтавае прызначэнне (напрыклад, узносы на сацыяльнае забеспячэнне, сацыяльнае страхаванне і інш.). Устанаўліваюцца падаткі заканадаўчым актам. Заканадаўчая рэгламентацыя падаткаабкладання дазваляе цэнтралізавана кіраваць падатковай сістэмай, ператвараць яе ў адзін з інструментаў эканамічнай палітыкі дзяржавы.

Паведаміць пра недакладнасьць