Пакуты, стан чалавека, калі ён церпіць боль, пераносіць гора, адчувае смутак, страх, трывогу. Пакуты могуць узнікаць пад уздзеяннем знешніх фактараў і па ўласнай волі (рэлігійныя фанатыкі пакутуюць па ўласным жаданні). У антычнай маралі і філасофіі лічылася, што пакуты выпадаюць на долю чалавека ў адпаведнасці з законамі лёсу (рок). З гэтай прычыны спачуванне тым, хто пакутаваў, не лічылася дабрачыннасцю. У старазапаветнай юдэйска-хрысціянскай рэлігіі пакуты таксама лічыліся негатыўнай з'явай і ў адпаведнасці з традыцыяй успрымаліся як божая кара за грахі. Новы запавет разглядае пакуты як сродак выратавання людзей, знак любові Бога да чалавека. Дзе існуюць пакуты, там ёсць і спачуванне, яны разглядаюцца поруч. У хрысціянстве ад спачування вынікае запавет любові да бліжняга. У процілегласць хрысціянскаму вучэнню Кант лічыў, што спачуванне мае абмежаваную маральную каштоўнасць: як абавязак чалавечнасці яго неабходна памнажаць, аднак само па сабе яно пасіўнае і ірацыянальнае, яно не супярэчыць патрабаванням маралі, але сляпое і неразумнае, а таму ненармальнае. Шапенгаўэр разглядаў спачуванне як аснову маралі і лічыў, што яно дапамагае пераадольваць эгаістычныя памкненні. Пакуты ён лічыў крытэрыем і зместам сапраўднай духоўнасці. Ніцшэ разглядаў пакуты як сродак дасягнення велічы душы, а спачуванне адхіляў як дэпрэсіўны стан, што змяншае каштоўнасць жыцця.

Паведаміць пра недакладнасьць