Пачуцці. Дзейнасць чалавека не абыходзіцца без асабістых эмацыянальных перажыванняў. Пачуцці - адна з формаў (поруч з розумам і воляй) праяўлення адносін чалавека да прадметаў і з'яў рэчаіснасці. У пачуццях адрозніваюць псіхалагічную аснову (утварэнне ў свядомасці чалавека такіх адэкватна-валявых рэакцый, як эмоцыі і імкненні) і сацыяльную (суб'ектыўныя адносіны чалавека да розных сфер грамадскага быцця, што вызначае сацыяльнае аблічча індывіда). Таму ацэнка, што праяўляецца ў пачуццях, залежыць не толькі ад аб'ектыўных уласцівасцей прадмета ці з'яў, ад іх месца ў сістэме грамадскіх адносін, але і ад вопыту чалавека і яго светапогляднай пазіцыі. Пачуцці прычынна абумоўлены, аб'ектыўныя паводле зместу і суб'ектыўныя па праяўленні. Ім уласцівы прадметны характар (рэальны ці ўяўны). Чалавек не можа перажываць увогуле, безадносна, а толькі ў адносінах да каго-небудзь, чаго-небудзь (нельга зазнаць пачуццё кахання, калі няма аб'екта сімпатыі ці пакланення). Вылучаюць грамадскія і асабістыя, станоўчыя і адмоўныя, абстрактныя і канкрэтныя, нацыянальныя, інтэлектуальныя, палітычныя, маральныя, рэлігійныя і іншыя пачуцці. Пачуццё непасрэдна звязана з мысленнем, успрыманнем, уяўленнем, памяццю, актывізуе пазнавальныя намаганні індывіда, яго волю, уплывае на пошук жыццёвага шляху, фармаванне светапогляду. Пачуцці са станоўчым эмацыянальным тонам (задавальненне, радасць, добры настрой) павышаюць жыццядзейнасць чалавека, з адмоўным (незадаволенасць, смутак, дрэнны настрой) - прыгнятаюць актыўнасць асобы. Пачуцці чалавека адыгрываюць вялікую ролю ў яго паводзінах, практычнай і пазнавальнай дзейнасці. Выхаванне пачуццяў - частка выхавання гарманічна развітага чалавека.