Праца. Усё, што мы маем, - вынік працы. Яе справядліва называюць найвялікшым стваральнікам. Навучыўшыся вырабляць прылады працы, чалавек пастаянна ўдасканальвае іх і ў працэсе працоўнай дзейнасці ўдасканальваецца сам, чым забяспечвае прагрэс грамадскага развіцця і ўзыходжанне чалавецтва да вышынь цывілізацыі. Уся гісторыя чалавецтва - гэта не што іншае, як выхаванне і адукацыя чалавека працай. Менавіта ў ёй крыніца дабрабыту і радасці, сілы духу, высакародства вялікіх здзяйсненняў і подзвігаў.

Штодзённа і штохвілінна велізарная колькасць людзей на нашай планеце занята працоўнай дзейнасцю. Гэта дзейнасць надзвычай разнастайная па месцы, умовах і функцыях. Існуюць дзесяткі тысяч прафесій, спецыяльнасцей і пасад. Аднак ва ўсёй гэтай разнастайнасці працы вылучаюць дзве галоўныя сферы яе прыкладання: вытворчую (вытворчасць матэрыяльных даброт) і невытворчую (вытворчасць нематэрыяльных даброт і паслуг). Кожны чалавек валодае пэўным фізічным і разумовым патэнцыялам, які вызначае яго здольнасці да працы - рабочай сілы. Праца - гэта выкарыстанне рабочай сілы, мэтазгодная дзейнасць людзей, у якой яны пры дапамозе сродкаў працы ўздзейнічаюць на прыроду, прыстасоўваючы яе для задавальнення сваіх патрэб; гэта аснова існавання і развіцця грамадства, пастаянная прыродная ўмова чалавечага жыцця. Змест працы вызначаецца тыпам тэхнікі, тэхналогіі і арганізацыі вытворчасці. У выніку тэхнічнага прагрэсу ў вытворчасці змяншаецца ўдзельная вага ручной цяжкай працы, павышаецца значымасць і ўдзельная вага разумовай працы. Аснашчэнне працы высокаэфектыўнай тэхнікай, паляпшэнне яе арганізацыі і культуры, заахвочванне высокакваліфікаванай працы матэрыяльнымі і маральнымі сродкамі дазваляюць значна павысіць яе прадукцыйнасць.

Канстытуцыя Беларусі гарантуе сваім грамадзянам «права на працу як найбольш годны спосаб самасцвярджэння чалавека, гэта значыць права на выбар прафесіі, роду заняткаў у адпаведнасці з прызваннем, здольнасцямі, адукацыяй, прафесійнай падрыхтоўкай і з улікам грамадскіх патрэбнасцей, а таксама на здаровыя і бяспечныя ўмовы працы. Дзяржава стварае ўмовы для поўнай занятасці насельніцтва. У выпадку незанятасці асобы па прычынах, якія не залежаць ад яе, ёй гарантуецца навучанне новым спецыяльнасцям і павышэнне кваліфікацыі з улікам грамадскіх патрэбнасцей, а таксама дапамога па беспрацоўі ў адпаведнасці з законам... Прымусовая праца забараняецца, акрамя работы або службы, якая вызначаецца прыгаворам суда або ў адпаведнасці з законам аб надзвычайным і ваенным становішчы» (арт. 41).

Паведаміць пра недакладнасьць