Рэсурсы (ад франц. ressource - дапаможны сродак), асноўныя элементы эканамічнага патэнцыялу (прыродныя, людскія, створаныя чалавекам рэсурсы, грашовыя сродкі, каштоўнасці, запасы, магчымыя крыніцы даходу), якія выкарыстоўваюць для дасягнення канкрэтных мэт эканамічнага і сацыяльнага развіцця. Адрозніваюць матэрыяльныя, фінансавыя, працоўныя і прыродныя рэсурсы. Матэрыяльныя рэсурсы - гэта сродкі і прадметы працы: заводскія, фабрычныя і сельскагаспадарчыя пабудовы, усякага роду абсталяванне і інструменты, машыны, сродкі транспарту і сувязі і інш. Фінансавыя рэсурсы - сродкі грашова-крэдытнай і бюджэтных сістэм. Крыніцы іх паступлення - прыбыткі прадпрыемстваў, эмісія каштоўных папер, пазыкі, грашовыя зберажэнні прыватных асоб, зборы і розныя непадатковыя даходы, даходы ад знешнеэканамічнай дзейнасці і інш. Але асноўныя крыніцы фінансавых рэсурсаў дзяржавы - падаткі. Працоўныя рэсурсы - гэта частка насельніцтва, якая валодае здольнасцямі і магчымасцямі працаваць у адпаведнасці са сваім узростам, фізічным станам, ведамі і прафесіянальнай падрыхтоўкай. Да прыродных рэсурсаў адносяцца сукупнасць прыродных умоў існавання людзей і кампаненты прыроднага асяроддзя, прыцягнутыя грамадствам у гаспадарчы абарот з мэтай задавальнення яго матэрыяльных і культурных патрэб. Да іх адносяцца зямельныя, водныя, лясныя, мінеральныя багацці, рэсурсы жывёльнага свету, сонечная энергія і інш. Па сваёй сутнасці прыродныя рэсурсы дзеляцца на вычарпальныя і практычна невычарпальныя. Вычарпальныя рэсурсы падзяляюцца на неўзнаўляльныя (паклады карысных выкапняў) і ўзнаўляльныя (вада, лясы, зямля, жывёльны свет - для свайго ўзнаўлення патрабуюць значных затрат працы).

Паведаміць пра недакладнасьць