Рэфармацыя (ад лац. reformatio - пераўтварэнне), шырокі рэлігійны і сацыяльна-палітычны рух за карэннае абнаўленне царквы, які разгарнуўся ў 16 ст. ў большасці эўрапейскіх краін. Раскалоўшы каталіцкую царкву і парваўшы з ёю, гэты рух выклікаў да жыцця новыя рэлігійныя плыні (пратэстантызм), цэрквы і секты. Рэфармацыя вербавала сваіх прыхільнікаў ва ўсіх сацыяльных слаях, і кожная з сіл, якая брала ў ёй удзел, тлумачыла яе задачы ў адпаведнасці са сваімі інтарэсамі і пажаданнямі. Адсюль і выключная разнастайнасць разумення Рэфармацыі - то вузкае, абмежаванае рэлігійна-царкоўнымі зменамі, то шырокае, якое даходзіла да ідэй усеагульнай перабудовы. Пачатак рэфармацыі паклала выступленне ў 1517 у Германіі М.Лютэра. Ідэолагі Рэфармацыі выставілі тэзісы, якія фактычна адмаўлялі неабходнасць каталіцкай царквы і духавенства наогул: адхілялася ці рэвізавалася Свяшчэннае паданне, адмаўляліся правы царквы на зямныя багацці і інш. Асноўныя кірункі Рэфармацыі: бюргерскае (Лютэр, Ж.Кальвін, У.Цвінглі); народнае, якое спалучала патрабаванне скасаваць каталіцкую царкву з барацьбой за ўстанаўленне роўнасці (Т.Мюнцэр, анабаптысты); каралеўска-княжацкае, што адлюстроўвала інтарэсы свецкай улады, якая імкнулася захапіць зямельныя ўладанні царквы. Пад ідэйным сцягам Рэфармацыі праходзілі Сялянская вайна 1524-1526 у Германіі, Нідэрландская і Ангельская рэвалюцыі.

У Беларусі Рэфармацыя як састаўная частка эўрапейскага рэфармацыйнага руху была выклікана зменамі ў эканамічным, сацыяльна-палітычным і ідэйным жыцці Вялікага Княства Літоўскага, у тым ліку ростам гарадоў, эканамічным, культурным уздымам, фармаваннем беларускай народнасці і нацыянальнай самасвядомасці. Заахвочваннем была магчымасць стварыць у гарадах і мястэчках «сваю» танную царкву, не звязаную з духоўнай іерархіяй. У 1550-я г. пратэстанцкія абшчыны ўзніклі ў Нясвіжы, Берасці, Клецку, Ляхавічах, Койданаве, Наваградку і інш. Кальвінізм прынялі буйныя беларускія феадалы Радзівілы, Кішкі, Сапегі, Хадкевічы. У Рэфармацыю ўключыліся сярэднія і ніжэйшыя слаі насельніцтва. Важным фактарам культурнага жыцця ў краіне, асновай для Рэфармацыі была выдавецкая і літаратурная дзейнасць Францішка Скарыны. Яго кнігі сталі адной з крыніц рэфармацыйнага перакладу Бібліі. Да іх звярталіся С.Будны, М.Кавячынскі, Л.Крышкоўскі, В.Цяпінскі. Яны дэмакратызавалі свае выданні, імкнуліся пашыраць іх у беларускім асяроддзі, сцвярджалі ідэі гуманізму, верацярпімасці і асветы. Рэфармацыйны рух адыграў вялікую ролю ў падрыве ідэалагічных, палітычных, у меншай ступені сацыяльна-эканамічных пазіцый каталіцкай (часткова і праваслаўнай) царквы ў Беларусі і ва ўсім Вялікім Княстве Літоўскім. Адстойваючы свабоду розуму і навукі ад рэлігіі, станаўленне новых, секулярызаваных формаў культуры, Рэфармацыя садзейнічала развіццю рэнесансна-гуманістычных і рацыяналістычных тэндэнцый. (Гл. таксама Гуманізм, Рацыяналізм).

Паведаміць пра недакладнасьць