Сорам, маральнае пачуццё, у якім чалавек выказвае асуджэнне сваіх дзеянняў, матываў ці маральных якасцей. У псіхалогіі сорам разглядаецца як эмоцыі, што ўзнікаюць ад усведамлення чалавекам рэальнай ці ўяўнай неадпаведнасці яго ўчынкаў нормам і патрабаванням маралі, прынятым у пэўным грамадстве. Сорам можа быць звязаны з уласнымі паводзінамі ці паводзінамі блізкіх людзей (сорам за іншых). Ён перажываецца як незадаволенасць сабой, асуджэнне або абвінавачванне сябе. Імкненне пазбегнуць такіх перажыванняў з'яўляецца матывам паводзін, накіраваных на самаўдасканаленне. Розныя людзі маюць розныя парогі сораму. Канцэнтруючы ўвагу на ўласных учынках і якасцях, сорам садзейнічае развіццю самасвядомасці, самакантролю, самакрытычнасці. Ён лічыцца самай моцнай эмоцыяй, якая ўздзейнічае на працэс самапазнання суб'ектам свайго ўнутранага маральнага і псіхічнага стану. Сорам абвастрае адчувальнасць суб'ектам ацэнак яго паводзін і асабістых якасцей іншымі людзьмі, ён уплывае на рэгуляцыю зносін паміж людзьмі, садзейнічае або перашкаджае міжасабістым кантактам. Сорам фармуецца ў працэсе свядомага засваення індывідам этычных нормаў і правілаў паводзін канкрэтнага грамадства, яго культуры, маралі, рэлігіі, традыцый і звычаяў.