Эмоцыі (франц. émotion ад лац. emovere - узбуджаць, хваляваць), эфектыўная форма праяўлення маральных пачуццяў (у адрозненне ад валявой формы іх выяўлення - заахвочвання). Калі пачуццё ўяўляе сабой устойлівыя суб'ектыўныя адносіны чалавека да каго-, чаго-небудзь (павага, каханне, нянавісць, любоў да свайго народа), то эмоцыі - гэта перажыванне пачуцця ў пэўны момант, у канкрэтнай сітуацыі. Да маральных эмоцый можна аднесці перажыванне пачуцця адабрэння або асуджэння, задавальнення, радасці, сімпатыі або антыпатыі, а таксама гнеў, сорам, агіду, спачуванне, але толькі ў тым выпадку, калі ў іх выяўляецца маральная ацэнка чалавекам сваіх ці чужых учынкаў. У псіхалогіі эмоцыі вызначаюць як псіхічнае адлюстраванне ў форме непасрэднага перажывання жыццёвага сэнсу з'яў і сітуацый. У экстрэмальных умовах, калі суб'ект не спраўляецца з сітуацыяй, якая ўзнікла, развіваюцца афекты. У час эмоцый адбываюцца змены ў дзейнасці органаў дыхання, стрававання, сардэчна-сасудзістай сістэмы, залоз унутранай сакрэцыі і інш. Эмоцыі адносяцца да працэсу ўнутранай рэгуляцыі паводзін. Найвышэйшы прадукт развіцця эмоцый чалавека - устойлівыя пачуцці да прадметаў, якія адпавядаюць яго самым высокім патрабаванням. Моцнае, абсалютна дамінуючае пачуццё называецца гарачым пачуццём, страсцю.

Паведаміць пра недакладнасьць