Спірытызм (ад лац. spiritus - душа, дух). Такую назву атрымала містычная плынь, якая ўзнікла ў сярэдзіне 19 ст. ў ЗША, а потым пашырылася ў Эўропе. Псеўданавуковая афарбоўка забяспечыла папулярнасць спірытызму сярод інтэлігенцыі. Арганізатары спірытычных сеансаў выступалі ў ролі нібыта пасрэднікаў паміж душамі памерлых і жывымі ўдзельнікамі гэтых сеансаў, у час якіх «пацверджаннем» зносін з душамі памерлых лічыліся з'явы так званага «фізічнага медзіумізму» - рухі і ўдары розных прадметаў (напрыклад, столавярчэнне, гукі муз. інструментаў, з'яўленне святла, розныя галасы і г.д.). Для доказу бессмяротнасці душы спірыты спрабавалі выкарыстаць закон захавання энергіі, згодна з якім энергія не знікае, а толькі пераходзіць з аднаго стану ў другі. Зыходзячы з таго, што пры абмене рэчываў выдзяляецца энергія і ўзнікае шэраг біяхімічных з'яў, у прыватнасці з электрамагнітнымі палямі жывога арганізма (з'ява «жывёльнага магнетызму»), спірыты сцвярджалі, што душы (г.зн. свядомасці) чалавека адпавядае нейкі згустак энергіі, што застаецца пасля смерці. Для пацверджання сваіх догмаў спірыты імкнуліся выкарыстаць біялагічныя і фізічныя адкрыцці, напрыклад, гіпотэзу пра мнагамернасць прасторы, пра існаванне чацвёртага вымярэння, акрамя вядомых чалавецтву трох (даўжыні, шырыні, вышыні). Менавіта чацвёртае вымярэнне спірыты лічылі змяшчальняй для душ памерлых. Але спірытызм не мае нічога агульнага ні з навукай, ні з рэальнай практыкай, з'яўляецца адной з разнавіднасцей містыкі. З ім вялі барацьбу вучоныя-прыродазнаўцы: М.Фарадэй, Т.Гекслі ў Англіі, Ю.Лібіх у Германіі, І.І.Мечнікаў, К.А.Ціміразеў, І.П.Паўлаў, Дз.І.Мендзялееў, К.Э.Цыялкоўскі ў Расеі. Такім чынам, спірытызм - гэта містычная плынь, якая звязана з верай у замагільнае існаванне душ памерлых і характарызуецца асаблівай практыкай памылковых зносін з імі.