Тэалогія (ад грэч. theos - бог + logos - вучэнне). Рэлігія як адна з формаў грамадскай свядомасці мае сваю спецыфічную сістэму абгрунтавання і абароны - тэалогію (багаслоўе). Гэта сукупнасць рэлігійных ідэй і дактрын, якія ў сістэматычнай форме выкладаюць вучэнне пра Бога ў адпаведнасці з тэкстамі, што разглядаюцца ў якасці «слова божага», т.зв. Свяшчэннае пісанне. Тэалогія абапіраецца на тэістычны светапогляд і тэарэтычныя канструкцыі, запазычаныя з ідэалістычнай філасофіі. Паколькі дагматыка, што ляжыць у аснове тэалогіі, прымаецца за богам дадзеную, непарушную і абсалютную мудрасць, то мэтай тэалагічных даследаванняў з'яўляецца не адшукванне раней невядомых ісцін, а сістэматызацыя, абгрунтаванне і тлумачэнне божых адкрыццяў, асэнсаванне ідэй і рэлігійнага вопыту айцоў царквы, святых, распрацоўка культавага (абраднага) боку богаслужэння і г.д. Тэалогіі ўласцівы крайні аўтарытарызм, кансерватызм, дагматызм, таму яна адмоўна ставіцца да любых праяў вальнадумства, духоўнай незалежнасці і самастойнасці. Філасофію, навуку, мастацтва яна дапускае толькі ў службовай ролі. Рэлігійная ж філасофія ставіць за мэту даказваць разумнасць «божых ісцін», а ў сучасных умовах і сумяшчальнасць веры і ведаў, тэалогіі і навукі. Ва ўсіх светапоглядных спрэчках яе рашаючым аргументам выступае спасылка на «свяшчэнны» тэкст ці царкоўны аўтарытэт.

Дэталізаваную распрацоўку тэалогія атрымала ў хрысціянстве, дзе яе асновамі з'яўляюцца Біблія, пастановы ўсяленскіх сабораў і вучэнні айцоў царквы (патрыстыка). Сучасная хрысціянская тэалогія ўключае ў сябе багаслоўе асноўнае (фундаментальная тэалогія, апалагетыка), дагматычнае (удакладняе сістэму догматаў), маральнае (праграма этычных пводзін веруючых), параўнальнае (даказвае перавагу над іншымі веравызнаннямі), пастарскае (практыкум для свяшчэннаслужыцеля), а таксама тэорыю богаслужэння (літургіка), тэорыю пропаведзі (гамілетыка), тэорыю царкоўнага права (каноніка). Аўтарытарнасць і коснасць тэалагічнага мыслення на працягу многіх вякоў выклікалі пратэст у перадавых дзеячаў навукі і культуры. З крытыкай тэалогіі выступалі рэнесансавыя гуманісты, буржуазныя асветнікі, філосафы-матэрыялісты.

Паведаміць пра недакладнасьць