Тэлеалогія (ад грэч. telos (teleos) - мэта + logos - вучэнне), рэлігійна-філасофскае вучэнне, якое прыпісвае працэсам і з'явам прыроды мэту, мэтазгоднасць ці здольнасць да мэтамеркавання, якія быццам бы ўстанаўліваюцца Богам ці з'яўляюцца ўнутранымі прычынамі з'яў. Першую паслядоўна-тэлеалагічную канцэпцыю распрацаваў Арыстоцель. Ён сцвярджаў, што кожная рэч мае сваё прызначэнне, нясе ў сабе актыўны мэтапрызначальны пачатак і душу, што будова жывых арганізмаў абумоўлена мэтазгоднасцю змен, якія ў іх адбываюцца, а ўсе мэты прыроды падпарадкаваны адной вышэйшай мэце і ўключаны ў агульнасусветную гармонію. Тэолаг Фама Аквінскі яшчэ больш катэгарычна сцвярджаў, што ўсе рэчы ў прыродзе імкнуцца да канчатковай мэты - Бога. У новы час ідэі іманентнай тэлеалогіі развіваў Г.Лейбніц, які распрацаваў вучэнне пра наперад устаноўленую гармонію. Падобныя ідэі ўвасоблены ў вучэнні Ф.Шэлінга пра «сусветную душу», у аб'ектыўным ідэалізме Г.Гегеля. Найбольш поўна тэлеалагічныя погляды выкладзены Ж.Б.Ламаркам. Ва ўсіх выпадках галоўнае ў тэлеалогіі - прыпісванне прыродзе мэты, перанос на яе здольнасці, уласцівай толькі чалавечай дзейнасці. Лагічную негрунтоўнасць фізіка-тэлеалагічнага доказу быцця Бога паказаў І.Кант. Ч.Дарвін у кнізе «Паходжанне відаў» (1859) даў рацыянальнае тлумачэнне адноснай мэтазгоднасці жывых істот і тым самым падарваў панаванне тэлеалогіі ў біялогіі. Праваліліся і спробы стварыць «матэрыялістычную тэлеалогію».

Паведаміць пра недакладнасьць