Улада. Сутнасцю любой улады з'яўляюцца адносіны кіравання, планавання і падпарадкавання. Найбольш значным яе відам з'яўляецца палітычная (дзяржаўная) улада, г.зн. рэальная здольнасць пэўнага класа, групы, індывіда ажыццяўляць сваю волю. Галоўнымі сродкамі ажыццяўлення ўлады з'яўляюцца палітыка, прававыя нормы, адміністрацыйныя акты. Дзяржаўная ўлада можа дасягаць сваіх мэт шляхам ідэалагічнага ўздзеяння, эканамічным стымуляваннем і іншымі ўскоснымі спосабамі, але толькі яна валодае манаполіяй на прымус з дапамогай спецыяльнага апарата. Сучасныя ўяўленні пра дзяржаўную ўладу звязваюць не толькі з класавасцю і прымусовасцю, але і з яе неабходнасцю, сацыяльнай карыснасцю. Яна выступае як аб'ектыўная ўмова і сродак удзелу сябраў грамадства ў арганізацыі і рэгуляванні грамадскага жыцця, вытворчасці, забеспячэнні разнастайных законных інтарэсаў і правоў грамадзян, што ў цэлым падкрэслівае і яе агульнаграмадзянскае, агульначалавечае прызначэнне. Такім чынам, улада - гэта форма сацыяльных адносін, якая характарызуецца здольнасцю ўплываць на характар, кірунак дзейнасці і паводзін людзей, сацыяльных груп і класаў праз сістэму эканамічных, ідэалагічных і арганізацыйна-прававых механізмаў, а таксама з дапамогай аўтарытэту, традыцый, прымусу.

Паведаміць пра недакладнасьць