Цынізм (ад грэч. kynismos - вучэнне кінікаў). Тэрмін паходзіць ад старажытнагрэчаскай філасофскай школы кінікаў, заснаванай Антысфенам у 4 ст. да н.э. на гары Кінасарг. Кінікі прапаведавалі пагарду да грамадскай культуры, поўную незалежнасць чалавека ад грамадства, вяртанне да «прыроднага» стану. З цягам часу цынізмам сталі называць учынкі і словы, што зневажалі чалавечую годнасць і дасягненні культуры, маральныя прынцыпы, высмейвалі дарагія людзям ідэалы. Ён характэрны для паводзін і перакананняў людзей, якія дамагаліся сваіх эгаістычных інтарэсаў любымі магчымасцямі, у т.л. амаральнымі сродкамі (гл. Амаралізм), а таксама для тых, хто расчараваўся ў ідэалах і прыйшоў да маральнага банкруцтва. У сацыяльным плане цынізм мае дваякую крыніцу: «цынізм сілы» характэрны для практыкі пануючых груп, што здзяйсняюць сваю ўладу і своекарыслівыя мэты адкрыта амаральнымі метадамі (фашызм, расізм, культ насілля і г.д.); бунтарскія дзеянні (напрыклад, вандалізм) характэрныя для сацыяльных слаёў, груп і індывідаў, якія адчулі на сабе прыгнёт несправядлівасці і бяспраўя, ідэалагічную і маральную крывадушнасць пануючага класа, але з-за духоўнай апустошанасці не знайшлі выйсця з такога стану. Такім чынам, цынізм - гэта нігілістычныя пагардлівыя адносіны да культуры грамадства, да яго духоўных і маральных каштоўнасцей.

Паведаміць пра недакладнасьць