Чуласць, маральная якасць, якая характарызуе адносіны чалавека да іншых людзей. Гэта клопаты аб патрэбах людзей, што апынуліся ў гаротным стане, уважлівае стаўленне да іх інтарэсаў, пачуццяў і праблем, якія іх хвалююць; разуменне матываў, якімі людзі кіруюцца ў сваіх паводзінах; тактоўныя адносіны да гонару і пачуцця ўласнай годнасці людзей, ветлівыя адносіны да іх. Чуласць заснавана на агульначалавечых прынцыпах гуманізму і з'яўляецца часткай культуры паводзін асобы. Яна адыгрывае вялікую ролю на бытавым узроўні, бо цесна звязана з павагай, велікадушнасцю, спачуваннем, высакароднасцю і даверам. Чуласць вельмі патрэбна ў дзіцячых, медыцынскіх установах і школах, а таксама ў дзяржаўных установах, дзе яшчэ трапляюцца бюракратызм і непавага да людзей, у сферы паслуг і іншых сферах чалавечай жыццядзейнасці. Наш час, які характарызуецца глыбокім сацыяльна-палітычным крызісам беларускага грамадства (наступствы Чарнобыльскай катастрофы, беспрацоўе, злачыннасць), патрабуе асаблівай чуласці і спачування не толькі да дзяцей, хворых, старых і нядужых, але і ў звычайных працоўных, бытавых адносінах паміж людзьмі.

Паведаміць пра недакладнасьць