чорт
што чарцей у балоце [жаніхоў]. Мсцісл. Насмешл. Пра мноства жаніхоў у кагосьці. Юрчанка 1977, 250.
абманіць каго як чорт добрую душу. Капыл. Няўхв. Пра чалавека, які падступна падмануў даверлівага. Матэрыялы 1981, 114.
араць як чорт балотам. Няўхв. Пра бязладнае гаспадаранне некага, кіраўніцтва. Ройзензон, 67.
Баба як чорт: не атаксцішся, не адмовішся. Сен. Прык. Пра навязлівасць і настойлівасць некаторых кабет. ПП 2, 76.
багаты як чорт рагаты. Мядз. Іран. Магчыма, пра нейчае ўяўнае багацце. Ром., Зап., III, 223; АВНЛ.
баяцца чаго як чорт крыжа. Лід. п., Іўеў., Дзятл., Гродз., Клецк. Пра моцны, панічны страх нечага. Federowski, 20; Шырма, 205; Высл., 284; СПЗБ 5, 496; ФА.
баяцца чаго як чорт (д'ябал) свянцонай вады. Гродз. п., Свісл. Federowski, 20; Ляцкий, 3; Даніловіч 2008, 138. Тое ж.
баяцца чаго як чорт грому. Брасл. Рабкевіч, 23. Тое ж.
баяцца чаго як чорт крапідла. Мін. ЛЦ, 58. Тое ж.
баяцца чаго як чорт ладана. Івац., Мядз., Пін. ФА; Ззайкі; Нар. скарбы, 146. Тое ж.
баяцца чаго як чорт папа. Ром., Зап., I, 215. Тое, што баяцца як чорт крыжа.
баяцца чаго як чорт хрыста. Мсцісл. Юрчанка, 175. Тое ж.
бегаць як чорт. Астр. Асудж. Пра кагосьці, хто паводзіць сябе не па-людску. СПЗБ 5, 368.
бегчы як чорт па лапушшу. Гом. Няўхв. Пра чалавека, актыўнасць якога выглядае непрыгожа. Высл., 290. ≺ Лапушша - месца, зарослае лапухом.
бегчы як чорт ад крыжа. Івац. Няўхв. Пра нейчыя панічныя ўцёкі аднекуль. ЗЗайкі.
Без усоў, без барады, так як чорт малады. Прык. Ваўк. п., Мёр. Жарт. Пра паголенага старога. Federowski, 342; Нар. скарбы, 140.
брудны як чорт з коміна вылезшы. Воран. Няўхв. Пра кагосьці вельмі бруднага, запэцканага. Даніловіч, 264.
вадзіць каго як чорт п'янага па балоту. Рэч. Пра чалавека, які сябе дрэнна адчувае. Pietkiewicz, 398.
выглядаць як чорт з-за крыжа. Бяроз. Насмешл. Пра чалавека, што злосна, спалохана аднекуль выглядае. АВНЛ.
выплыць як чорт з амута. Шум. Насмешл. Пра нейчае нечаканае з'яўленне. СПЗБ 1, 79.
выскачыць як чорт з балота. Мсцісл. Насмешл. Юрчанка, 175. Тое ж.
выскачыць як чорт з бурага балота. Хоц., Брэсц. Насмешл. ЛЦ, 101. Тое ж.
выскачыць як чорт з канапель. Івац. Насмешл. ЗЗайкі. Тое ж.
выскачыць як чорт з лазы. Насмешл. Янк., Пар., 32. Тое ж.
выцапкацца як чорт балотны. Няўхв. Пра кагосьці вельмі перапэцканага, бруднага. Носович, 101.
вярцецца як чорт у пекле. Мсцісл. Асудж. Пра нейчую залішнюю мітусню, актыўнасць. Юрчанка, 204.
галодны як чорт. Слон. Пра некага вельмі галоднага. Высл., 303.
глядзець як чорт з-пад крыжа. Іўеў. Няўхв. Пра нейчы насуплены, варожы, агрэсіўны позірк. Даніловіч, 264.
глядзець (скасавурыцца) як чорт на папа. Шчуч. Няўхв. Пра нейчы пільны, уважлівы падазроны позірк. Станкевіч, 549; Арх. Гр.
Дару торт, каб малады не быў як чорт. Жарт. Фальк. З вясельнага пажадання мець прыстойнага мужа. БВ, 52.
дрыжаць як чорт пад (перад) храстом. Мсцісл. Зласл. Пра нейчыя дрыжыкі ад моцнага страху. Юрчанка, 203.
дрыжаць (знябожыцца, збяднецца) як чорт пад крыжам. Ваўк., Сак. п., Слон., Іван. Зласл. Federowski, 373; Высл., 315; ЗВалодзінай. Тое, што дрыжаць як чорт пад (перад) храстом.
дужы як чорт. Ваўк. п. Ухв. Пра некага моцнага, дужага. Federowski, 89.
Дурань як варона, а хіцёр як чорт. Прык. Жарт. Пра чалавека, у якім спалучаюцца прастата і хітрасць. Federowski, 85.
ехаць як чорт мацеру да доктара вязе. Ваўк. п. Жарт. Пра вельмі хуткую, не разбіраючы дарогу, язду. Federowski, 90.
жвавы як чорт. Шчуч. Ухв. Пра некага вёрткага, жвавага. СПЗБ 2, 146.
замурзаны як смаляны чорт. Рэч. Няўхв. Пра некага выпацканага, бруднага, неахайнага. Пяткевіч, 476.
з'явіцца як чорт з Кірзевай сажалкі. Мсцісл. Жарт. Пра нейчае нечаканае з'яўленне. Юрчанка, 203.
звесці (ашукаць, звесці) як чорт добрую душу. Ваўк. п., Рэч. Няўхв. Tyszkiewicz, 413; Нос., 44, 129; Дуб., 22; Dybowski, 3; Pietkiewicz, 209, 358, 361. Тое, што абманіць каго як чорт добрую душу.
запрасіць што чорт за бацьку. Жлоб., Касц., Мін. Няўхв. Жарт. Пра чалавека, які дорага за нешта запрасіў. ЛЦ, 52.
заядлы як чорт. Слон. Няўхв. Пра надта ўпартага, настойлівага, заядлага чалавека. Federowski, 348; Высл., 325.
звязацца як чорт з д'яблам. Няўхв. Пра нейкую падазроную дружбу дваіх. Янкоўскі, 225.
згаварывацца як чорт з ведзьмаю. Мсцісл. Няўхв. Пра нейчую размову без паразумення. Юрчанка, 203.
згрыбчыць што як чорт грэшную душу. Слон. Насмешл. Пра чалавека, які нешта сквапна схапіў, прысвоіў. ЖН, 126.
здатны на прыказкі як чорт на прывязкі. Пра чалавека, які багаты на прыказкі. Станкевіч, 935.
злосны (злэй, ліхі, сярдзіты) як чорт. Навагр., Ваўк., Слон. п., Мсцісл. Асудж. Пра вельмі злоснага ліхога сярдзітага чалавека. Federowski, 357, 164, 277; Юрчанка 1969, 206.
знішчыцца як чорт пад крыжам, а ліха думаць. Пра двудушнага чалавека, які, затаіўшыся, плануе нешта ліхое. Federowski, 374.
калаціць як чорт балотам. Брасл. Няўхв. Пра чалавека, які бунтуе, бударажыць, нервуе іншых. Рабкевіч, 91.
камандаваць як чорт у пекле. Мсцісл. Няўхв. Пра нейчае самаўладнае, аўтарытарнае кіраванне нечым, некім. Юрчанка, 204.
кіраваць як чорт вірам (балотам). Мсцісл. Няўхв. Юрчанка, 203. Тое, што камандаваць як чорт у пекле.
круціцца як [той] чорт. Сміл. Няўхв. Пра некага, хто вельмі актыўнічае, мітусіцца. Шатэрнік, 139.
круціцца як чорт на пудэлку. Свісл. Даніловіч, 264. ≺ Пудэлак - параўн. польск. pudełko ‘каробачка’. Тое ж.
круціцца як чорт на тачыдле. Гродз. Няўхв. Даніловіч, 264. Тое, што круціцца як чорт.
круціцца як чорт перад хмарай. Насмешл. Пра нейчую мітусню ў страху, у роспачы. Шырма, 205.
круціцца як чорт у круглым крэсле. Мсцісл. Няўхв. Пра нейчыя неспакойныя паводзіны. Юрчанка, 204.
круціць мірам як чорт вірам. Віл. Няўхв. Гілевіч, 166. Тое, што камандаваць як чорт у пекле.
круціць як чорт хвастом. Мсцісл. Няўхв. Пра пастаяннае выкручванне, вылузванне каго-н. Юрчанка, 175.
крычаць як чорт у пекле. Ашм. Няўхв. Пра чалавека, які моцна крычыць. Даніловіч, 265.
лезці як чорт на ражон. Дзярж. Насмешл. Пра чалавека, які настойліва імкнецца ў небяспечнае для яго месца. Гілевіч, 165.
лупаты як чорт асмалоўскі. Круп. Няўхв. Пра чалавека з непрыгожымі лупатымі вачыма. СПЗБ 2, 685.
лупаты бы чорт [які]. Няўхв. ЛА, 24. Тое ж.
Ляцела як ангел, ударылася як чорт. Гл. ангел.
Ляцеў як анёл, а ўпаў як чорт. Гл. анёл.
ляцець (перці) так як [чэрці] з пекла. Сак. п., Слон. Няўхв. Пра нейкую хуткую язду, панічны рух. Federowski, 160; Высл., 344.
ляцець як чорт на калясніцы. Слон. Няўхв. Пра надта шпаркае перамяшчэнне кагосьці. Даніловіч, 264.
ляцець як чорт падсмалены. Іўеў. Няўхв. Сцяшковіч, 621. Тое ж.
Мужык глядзіць як варона, a хіцёр як чорт. Гл. варона.
мурзаты як чорт. Слон. Няўхв. Пра некага надта замурзанага, бруднага. Высл., 347.
насіцца як чорт. Мсцісл. Няўхв. Пра нейкае мітуслівае нашэнне, перамяшчэнне, бегатню. З нар. сл., 129.
насіцца як чорт з лялькаю. Лід. Няўхв. Пра чалавека, які надта носіцца з нейкім клопатам, дакучае іншым. Даніловіч, 264.
насіцца як чорт з бубнам. Ветк. Няўхв. Пра чалавека, які нечым надта выхваляецца, выстаўляе тое напаказ. Горленка, 249; Санько, 169.
насіцца як чорт з грэшнай душой. Ушацк. Няўхв. Пра чалавека, які дакучае ўсім сваёй справай, ідэяй, размовай. Барадулін, 108.
няма як чорт хвастом накрыў. Насмешл. Пра бясследнае знікненне нечага. Янк., Пар., 117.
перці каго/што як чорт цёшчу. Іўеў., Воран. Жарт. Пра вельмі хуткае перамяшчэнне некага. Даніловіч, 265.
пабегчы як чорт з набілак. Лоеў. Насмешл. Пра чалавека, які хутка аднекуль уцякае. Янкова, 198. ≺ Набілкі - набіліцы.
паглядаць (пазіраць) як чорт на папа. Ваўк. п. Няўхв. Пра чалавека, які пільна, варожа глядзіць. Federowski, 210, 225.
падторкнуцца як чорт з каўшом пад брагу. Ушацк. Няўхв. Пра чалавека, які сваім умяшаннем нечаму перашкодзіў. Барадулін, 106.
панесці як чорт грэшную душу. Няўхв. Пра чалавека, які нешта сквапна схапіў. Высл., 361.
пасходзіла што як чорт калом патыкаў. Ваўк. п. Няўхв. 1. Пра рэдкія ўсходы збажыны, гародніны. 2. Пра хуткі рост пустазелля. Federowski, 222.
перці што як чорт хмару. Шчуч. Насмешл. Пра чалавека, які нешта хутка нясе. Сцяшковіч, 622.
перціся як чорт лазаты. Пра чый-н. імклівы бег. Янк., Пар., 135.
прапаў як чорт у ваду буркнуў. Докш. Зласл. Пра знікненне каго-н. Высл., 368.
прыбрацца як чорт да хворага. Шчуч. Іран. Пра чалавека, які непрыгожа, неакуратна, нястройна апрануўся. Даніловіч, 263.
прывыкнуць як чорт к балоту. Рэч. Пра прывычку да нейкага месца, прыстанішча. Pietkiewicz, 388.
прывязацца як чорт да старой ігрушы. Ушацк. Няўхв. Пра чалавека, які да нечага моцна прывязаўся, прывык. Васюковіч, 19.
пяяць як чорт анучы дзярэ. Докш. Няўхв. Насмешл. Пра нейчыя немілагучныя спевы. Высл., 373.
садраць як чорт за бацьку. Мін., Ушацк. Няўхв. Жарт. Пра чалавека, які за нешта дорага ўзяў. ЛЦ, 52; Барадулін, 90.
скасавурыцца як чорт на пана. Насмешл. Пра чалавека, які непрыхільна на каго-н. пазірае. Матэрыялы 1981, 123.
скурчыцца як чорт пад крыжам. Глыб., Мядз. Насмешл. Пра чалавека, які нечага баіцца. Рабкевіч, 189, Гілевіч, 166.
Спераду як хорт, а ззаду як чорт. Гл. хорт.
спрытны як чорт. Насмешл. Пра лоўкага, хуткага, кемлівага чалавека. Янк., 429.
стаяць як чорт над добраю душой. Ваўк. п. Пра пастаяннае адчуванне небяспекі, перашкоды. Federowski, 289.
стаяць як чорт пад крыжам. Астр. Насмешл. Пра чалавека, які баязліва, разгублена стаіць. ФА.
страшны як чорт. Навагр. п. Няўхв. Пра кагосьці вельмі непрыгожага, з непрыемным і агідным выразам твару. Federowski, 292.
сядзець у радзе як чорт у расадзе. Смарг. Насмешл. Пра кагосьці, хто прыкметна вылучаецца сярод іншых. Сцяшковіч, 658.
сядзець як чорт на выскідзі. Кліч. Няўхв. Пра чалавека, які сядзіць у сваім запушчаным двары. Жыв. сл., 126. ≺ Выскідзь - выварацень.
сядзець як чорт на пні. Рэч. Асудж. Пра чалавека, які жыве недагледжаны, неадбудаваны. ЛЦ, 122.
сядзець як чорт на шаламяці. Вілен. Няўхв. Пра чыесьці незразумелыя паводзіны, пра чалавека, які жыве не так, як усе. Sielicki, 127. ≺ Шаламяць - грэбень страхі.
сядзець як чорт у балоце. Ваўк. п., Рэч. Пра кагосьці, хто месціцца ў сваёй сядзібе. Federowski, 275; Pietkiewicz, 363.
таўчыся як чорт у пекле. Ваўк. п. Няўхв. Пра чалавека, які робіць бясконцую работу. Federowski, 311.
трэсці як чорт лазой. Брасл. Няўхв. Пра чалавека, які самаўладна і бесталкова камандуе, распараджаецца. Рабкевіч, 203.
увязнуць як (бы) чорт у балоце. Слуцк. Няўхв. Пра чалавека, які ў нешта моцна ўліп. Ляцкий, 47; Сержпутоўскі 1999, 21.
углядацца як чорт у засланку. Зэльв. Іран. Пра пільнае, уважлівае ўгляданне ў што-н. Даніловіч, 265.
узяць як чорт жыда. Ваўк. Насмешл. Пра чалавека, які нешта/некага моцна схапіў. Federowski, 371.
улезці як чорт у гнілыя (у кіслыя) грыбы (бліны). Воран. Няўхв. 1. Пра некага, хто моцна ўлез, ублытаўся, убіўся ў якую-н. справу. 2. Пра нейчую недарэчную закаханасць. Даніловіч, 264.
улезці куды як чорт у шнуроўку (ліфік). Брасл. Пра чалавека, які ўлез не туды, куды яму можна ці трэба. Рабкевіч, 214.
улюбіцца (утрэскацца) як чорт у сухую (коляву) грушу (сухую вярбу). Ваўк. п., Докш., Іўеў., Івац., Мядз., Слон., Шарк., Маладз., Пін. Насмешл. Пра чалавека, які моцна закахаўся. Federowski, 319; Высл., 405; ФА; Гілевіч, 166; Ззайкі; Нар. скарбы, 145.
умурзацца (упэцкацца, урабіцца) як чорт. Гродз. п., Ваўк. п., Сміл. Няўхв. Пра моцна ўпэцканага, замурзанага, бруднага чалавека. Federowski, 320, 321; Шатэрнік, 288.
уперціся як чорт у грэблю. Капыл., Воран., Маст., Стол., Лід., Карэл. Няўхв. Пра кагосьці настырнага, хто вельмі моцна заўпарціўся. Высл., 406; Янк., 435; Даніловіч, 265; ТС 5, 202; Сцяшковіч, 621; ФА.
утрэскацца як чорт у сухую асіну. Шчуч. Насмешл. Сцяшковіч, 622. Тое, што улюбіцца як чорт у сухую грушу.
утрэскацца як чорт у сухую грушу. Ваўк., Дзятл., Бераст. Даніловіч, 265. Тое ж.
уцякаць як чорт ад ладану. Леп. Насмешл. Пра чыесьці хуткія панічныя ўцёкі. ЗВалодзінай.
уцякаць як чорт ад свянцонай вады. Ваўк. п. Насмешл. Federowski, 317. Тое ж.
уцякаць як чорт з бабінцу. Воран. Насмешл. Даніловіч, 263. Тое ж.
уцякаць як чорт з канопляў. Воран. Насмешл. Даніловіч, 264. Тое ж.
хадзіць як чорт па смале. Вілен. Кплів. Пра чалавека, які пачуваецца слабым, нямоглым. Sielicki, 126.
Хітры наш брат як чорт, але і дурны як варона. Прык. Капыл. Пра хітрага, але недалёкага чалавека. ФА.
хіцер (хітры) як чорт. Сак., Ваўк., Гродз. п., Віл., Івац. Пра хітрага, спрытнага, лоўкага чалавека. Шпилевский, 178; Tyszkiewicz, 427; Dybowski, 192; Federowski, 52, 86, 109, 173; СПЗБ 3, 40; ЗЗайкі.
цягаць як чорт Марку па пекле. Шарк. Няўхв. Пра кагосьці, хто робіць клопаты і пакуты іншаму. Высл., 416.
цягнуць як чорт за папом. Ваўк. п. Жарт. Пра кагосьці, хто неадступна пераследуе іншага. Federowski, 57.
чорны як чорт. Ваўк. п., Асіп., Жытк. Няўхв. Пра моцна чорнага, магчыма, бруднага чалавека. Ляцкий, 58; Federowski, 66; АВНЛ; ТС 5, 362.
чысты як чорт. Ваўк. п. Іран. Пра бруднага, запэцканага чалавека. Federowski, 67.
чыхаць як чорт на добру душу. Ваўк. п. Няўхв. Пра незадаволенае, пакрыўджанае стаўленне да каго-н. Federowski, 70.
шатацца як чорт па пеклі. Ваўк. п. Няўхв. Пра кагосьці, хто ходзіць з благімі намерамі. Federowski, 297.
Язык у роти як чорт у балоти. Смал. п. Прык. Пра балбатлівага, нястрыманага чалавека. Добровольский ІІІ, 135; Санько, 206.
як чорт аблізаў (пацалаваў). Ушацк. Пра таго, хто нечакана і цяжка захварэў. Васюковіч, 200.
як чорт гарох малаціў на чым. Няўхв. Пра нейчы васпаваты, рабы твар. ФСБМ 2, 565.
як чорт жыда з'еўшы. Здзекл. Пра чалавека, які пачувае сябе не вельмі добра. Dybowski, 17.
як чорт з балота. Бераст., Мсцісл. Няўхв. Пра вельмі бруднага, запэцканага чалавека. Даніловіч, 263; Юрчанка, 203.
як чорт з лазы вылез. Драг. Няўхв. Пра чалавека, які раптоўна і недарэчы з'явіўся. АВНЛ.
як чорт з лазы. Няўхв. Пра бруднага, непрыемнага каго-н. Санько, 69.
як чорт лапатай збіў. Астр. Пра некага вельмі падобнага да кагосьці. ФА.
як чорт на пікеце. Акц. Жарт. Пра чалавека, гатовага да ўсяго, да любой нечаканасці. Гор., Руд., 255.
як чорт на чалавека чмут пусціў. Ваўк. п. Няўхв. Пра чалавека, які нешта зрабіў няправільна, нібы пад уздзеяннем нячыстага. Янкоўскі, 78.
як чорт на форму ўзяў (забраў) каго, што. Навагр., Свісл. Пра бясследнае знікненне некага альбо нечага. Даніловіч, 264.
як чорт наварожыць. Воран. Пра штосьці, што наканавана лёсам. Даніловіч, 264.
як чорт перад хмарай. Маст. Няўхв. Пра чалавека, які паводзіць сябе мітусліва, неспакойна. Сцяшковіч, 621.
як чорт пугаю назганяў. Ваўк. п. Жарт. Пра зборышча кагосьці, сабраных нібы выпадкова, без бачнай прычыны. Federowski, 199.
як чорт сухую грушу: засуша, засуша, а тады і любіць. Нясв. Іран. Пра жорсткае каханне некага. ФА.
як чорт у бабінец. Шчуч. Пра чалавека, які з'явіўся не да месца, не да часу. Сцяшковіч, 621; ФА.
сказаць як чорт у ваду (у лужыну) плюнуў. Слон., Шчуч., Гарад. Няўхв. Пра штосьці недарэчна сказанае. Даніловіч, 264; Сцяшковіч, 622; КВДУ.
як чорт уссеў на каго. Стаўб. Пра нечаканы агрэсіўны напад на кагосьці. МК, 93.
як чорт ухапіў. Пра раптоўнае знікненне некага альбо нечага. Бялькевіч, 490.
як чорт хвастом накрыў. Санько, 69. Тое ж.
баяцца каго як чорта [якога]. Ваўк. п., Бран., Слон. Пра моцны страх перад кім-н. Federowski, 20; Расторгуев, 188; Высл., 285.
величать каго як чорта на вилах. Смал. Іран. Пра чалавека, якога не велічаюць, а толькі ганьбуюць. Добровольский ІІІ, 132.
грошай як у чорта. Гродз. Пра вялікую колькасць грошай у каго-н. Federowski, 117; Цыхун, 180.
грошай як у чорта скалак. Воран. Жарт. Даніловіч, 261. Тое ж. ≺ Скалка - каменьчык, сколак крэменю для крэсіва.
лятаць як чорта з'еўшы. Шчуч. Жарт. Пра некага, хто хутка, імкліва, энергічна бегае, лятае. Даніловіч, 263.
міна як у чорта пад крыжам. Ваўк. п. Здзекл. Пра чалавека з перакрыўленым тварам. Federowski, 187.
падняць як чорта на вілах. Сен. Няўхв. Пра чалавека, якога расхвалілі. Высл., 358.
Пользы як ад казла, а грахоў як у чорта. Гл. казёл.
цяжка што чорта ажаніць. Шчуч. Няўхв. Пра чалавека, якога вельмі цяжка прымусіць зрабіць што-н. Даніловіч, 208.
цякець з каго як ад чорта з балота. Мсцісл. Пра каго-н. вельмі моцнага ці нават выпацканага граззю. Юрчанка 1977, 48.
чупрына скаўтунілася бы начэ ў смалянога чорта. Рэч. Няўхв. Пра чые-н. неўпарадкаваныя, непрычасаныя валасы. Пяткевіч, 476.
як чорта на вілах насіць каго. Ушацк. Барадулін, 119. Тое, што велічаць як чорта на вілах.
з кім што з чортам. Мсцісл. Няўхв. Пра цяжкасць зносін з кім-н. Юрчанка 1977, 202.
лётаць як чортам падшыты. Паст. Ухв. Пра чалавека, які лёгка, энергічна рухаецца, перамяшчаецца. СПЗБ 2, 651.
як чортам падшыты. Мядз., Маладз. Няўхв. Пра кагосьці вельмі благога. СПЗБ 5, 427; Гілевіч, 151.
потрібный як чортовы постолы. Кам. Іран. Пра нешта некаму не патрэбнае. ЖН, 55.
патрэбна як чорту пацеры. Іран. Пра нешта не толькі непатрэбнае, але і небяспечнае для каго-н. БПФС, 212.
ляцець як на чорту. Зэльв. Няўхв. Пра хуткае зношванне адзення. Сцяцко 1970, 93.
што на кім як на чорту хата. Лоеў., Жытк. Няўхв. Пра вопратку не па фігуры. Горленка, 251.
вісець як на забітым чорце. Мёр. Няўхв. Нар. скарбы, 139. Тое ж.
быта яго чэрці носяць. Рас. Пра рухавага чалавека, хто ўсюды паспее, даскочыць. МК, 302.
дурэць як на каго чэрці ўсселі. Слуцк. Няўхв. Пра дзяцей, моладзь, што надта раздурэліся, няма ўпыну. Сержпутоўскі 1999, 61.
рано бы чэрці на кулачку. Стол. Пра абуджэнне без пары, уночы. ТС 2, 249.
як чэрці пад каўняром калдычуць. Свісл. Асудж. Насмешл. Пра несупынную прагу да выпіўкі. Сцяшковіч, 622.

Паведаміць пра недакладнасьць