Створана на падставе:
Музычныя тэрміны. Менск: Інбелкульт, 1926.
Прадмова
Сэкцыя Беларускага Мастацтва, складаючы пасьля свайго заснаваньня (люты, 1925) плян працы, вызначыла, як адно з першых сваіх заданьняў, апрацоўку навуковае беларускае тэрмінолёгіі па ўсіх галінах мастацтва.
Апрацоўка гэтае тэрмінолёгіі была згрупавана ў адпаведнасьці з падзелам памянёнае сэкцыі на тры падсэкцыі (тэатральую, музычную і вобразных мастацтваў), прычым у першую чаргу пасьпелі скончыць апрацоўку музычнае тэрмінолёгіі, што бязумоўна, якраз на часе, калі мець, на ўвазе тую шырокую працу, якая распачалася ў галіне вывучэньня і складаньня беларускае музыкі і музычнае асьветы на Беларусі.
Слоўнік музычных тэрмінаў, які складае гэты выпуск „Беларускае Навуковае Тэрмінолёгіі“, быў апрацаваны паводле даручэньня Сэкцыі членам сэкцыі Юльлянам Дрэйзіным, а потым разгледжаны ў Тэрмінолёгічнай Камісіі Музычнае падсэкцыі ў складзе членаў Сэкцыі Беларускага Мастацтва: Вечаслава Сэляха, Міколы Аладава, Уладзімера Тэраўскага, Юльляна Дрэйзіна і інш. Камісія зрабіла некаторыя папраўкі і дадаткі, пасьля чаго слоўнік быў перададзены ў Правапісна-Тэрмінолёгічную Камісію Інстытуту Беларускае Культуры, якая канчальна яго разгледзела і апрацавала.
Абыймо слоўніку ахапляе тэорытычныя веды ва ўсіх галінах музыкі (элемэнтарная тэорыя, гармонія, контрапункт, фуга, інструмантоўка, оркестроўка, формы). У склад яго не ўвашлі найноўшыя тэорыі (ладавая тэорыя Яворскага і інш.), якія яшчэ не атрымалі канчальнага навуковага прызнаньня. Спаміж італьлянскіх тэрмінаў музычнае дынамікі і рытмікі ўзяты толькі самыя галоўныя.
Менск. Сакавік, 1926.