Слоўнік фізічнае тэрмінолёгіі (праект) (БНТ)

(6907 артыкулаў)

Слоўнік фізічнае тэрмінолёгіі (праект) (БНТ)

Створана на падставе:

Слоўнік фізічнае тэрмінолёгіі (праект). Менск: Інбелкульт, 1929.

Прадмова

3 даручэньня Інстытуту Навуковае Мовы проект фізычнае тэрмінолёгіі быў апрацаваны выкладчыкам фізыкі ў Белпэдтэхнікуме і ў Б. Дз. Унівэрсытэце А. Ю. Міцкевічам ў 1927−1928 гадох у трох мовах: расійскай, беларускай і францускай; пры гэтым у аснову клаліся такія прынцыпы:

1) Наблізіць да Інтэрнацыянальнае фізычнае тэрмінолёгіі,

2) Скарыстаць багацьце жывой народнай мовы.

Для ажыцьцяўленьня апошняга прынцыпу ўкладальнік імкнуўся скарыстаць, апроч матар’ялаў кніжных і слоўнікаў, і сваю сувязь з студэнтамі (родам з розных мясцовасьцяй Беларусі) Белпэдтэхнікуму і Пэдфаку Б. Дз. У.

Ніжэйпаданы проект фізычнае тэрмінолёгіі імкнецца задаволіць патрэбы школ усіх тыпаў, пачынаючы з сямілеткі і канчаючы вышэйшымі школамі. Выкарыстана наступная літаратура:

Менн и Твисс. − Учебник физики.

А. Цингер. − Начальная физика.

А. Бачинский. − Учебник физики на производственной основе. Ч. 1, 2.

Б. Бачинский. Физика в трех книгах.

И. Григорьев. − Курс физики. Ч. 1, 2.

Э. Варбург. − Учебник опытной физики.

В. Михельсон. − Физика. T. 1, 2.

Э. Лехер. − Курс физики для медиков и биологов.

Н. Умов. − Курс физики. T. 1, 2.

Г. Лоренц. − Курс физики. T. 1, 2.

А. Эйхенвальд. − Теоретическая физика. Ч. 1, 2.

А. Эйхенвальд. – Электричество.

Э. Гримзель. − Курс физики. Ч. 1, 2, 3, 4.

О. Хвольсон. − Курс физики. T. 1, 2, 3, 4, 5 и дополнительные 6, 7.

К. Круг. − Основы электротехники.

Пачатковы проект тэрмінолёгіі ў сярэдзіне 1928 году быў разгледжаны Камісіяй у складзе проф. Я. Сіроціна, Я. Сьняткова, A. Круталевіча і А. Міцкевіча. Пасьля дадаткаў і некаторых зьмен ён быў перададзены ў Інстытут Навуковае Мовы для перагляду і зацьвярджэньня.

Пры складаньні пачатковага проекту дапамогу рабіла настаўніца H. А. Вераскоўская.

Апрацаваны такім спосабам проект фізычнае тэрмінолёгіі перад пераглядам яе ў Інстытуце Навуковае Мовы, пасылаўся для дадаткаў, уваг і паправак у Аддзел Прыроды і Гаспадаркі Б. А. Н. і ў Горацкае Навуковае Таварыства (пры С.-Г. Акадэміі), a потым перагледжаны Інстытутам Навуковае Мовы.

Гэты слоўнік фізычнае тэрмінолёгіі, як і ўсе папярэднія тэрмінолёгічныя слоўнікі, выходзіць у сьвет як проект і мае дыскусійны характар. У далейшым ён можа зьмяняцца, калі запатрабуюць таго навуковы досьлед і школьная практыка. Дзеля гэтага кожны можа падаваць свае ўвагі, якія будуть разглядацца і прымацца да ведама. Але для настаўнікаў і аўтараў падручнікаў гэтая тэрмінолёгія зьяўляецца абавязковаю, покі ня будуць зроблены зьмены прынятым у Беларускай Акадэміі Навук парадкам.

Выпускаючы ў сьвет кожную тэрмінолёгію, Інстытут Навуковае Мовы і далей зьбірае тэрмінолёгічны матар‘ял − народны і літаратурны, каб y наступных выданьнях пашыраць і выпраўляць тое, што на падставе новага матар’ялу будзе вымагаць належных паправак і дадаткаў.

Даць дакладную тэрмінолёгію, якая-б адпавядала ў поўнай меры навуковасьці і здавальняла-б пэдагогічную практыку − справа нялёгкая, і І. H. М. лічыць, што ўдасканаліць сваю работу ён зможа толькі ў тым выпадку, калі на помач яму прыдзе актыўная праца ўсіх зацікаўленых асоб і ўстаноў. Вось чаму І. H. М. зварачаецца да іх з просьбаю дапамагчы яму ў цяжкай справе распрацаваньня беларускае навуковае тэрмінолёгіі.

Сабраны тэрмінолёгічны матар’ял І. H. М. просіць надсылаць у Беларускую Акадэмію Навук (Менск, Рэволюцыйная, 21) на імя Інстытуту Навуковае Мовы.

Інстытут Навуковае Мовы.

15 чэрвеня 1929 г.

Паведаміць пра недакладнасьць