Абрантовіч Фабіян (1884-1946), каталіцкі святар усходняга абраду, прэлат Менскай і Пінскай капітул, архімандрыт, місіянер, манах-марыянін, доктар філасофіі, магістр тэалогіі, рэлігійны і культурна-грамадскі дзеяч, адзін з ідэолагаў і заснавальнікаў беларускага хрысціянскага руху 20 ст., тэарэтык і практык беларускага вуніяцтва, педагог. Як публіцыст выступаў пад псеўданімам Фабіч (Fabič).

Нарадзіўся 14.09.1884 у засценку Вераскоўшчына Наваградскага павета. Паходзіў з мяшчанскай сям'і беларусаў-католікаў: бацькі - Янка і Юлія (з дому Кашыцаў) Абрантовічы - жыхары Наваградка. Скончыў Наваградскую гарадскую 3-класную навучальню. У красавіку 1902 г. вытрымаў экзамен на званне аптэкарскага вучня пры экзаменацыйнай камісіі Пецярбургскай навучальнай акругі. З восені таго ж года - у Магілеўскай духоўнай каталіцкай семінарыі ў Пецярбургу. Пасля яе заканчэння паступіў у Мітрапалітальную духоўную каталіцкую акадэмію (1906). На 3-м курсе акадэміі (09.11.1908) пасвячоны ў святары. Выкладаў Закон Божы ў пецярбургскіх навучальных установах (Імператарская навучальня правазнаўства, Імператарская камерцыйная навучальня, Кадэцкі корпус імператара Аляксандра II, Марыінскі і Паўлаўскі інстытуты). З 09.12.1910 - законавучыцель прыватнай мужчынскай гімназіі пры рымска-каталіцкім касцёле св. Кацярыны ў Пецярбургу. 11.03.1912 атрымаў дазвол на выезд з Расейскай імперыі ў Бельгію. Працягваў вучобу ў каталіцкім універсітэце ў г. Лёвен (1912-1914), дзе абараніў доктарскую дысертацыю па філасофіі. У лістах з Лёвена адзначаў не толькі высокі ўзровень ведаў выкладчыкаў і прафесараў каталіцкага ўніверсітэта, але таксама і глыбіню, неардынарнасць навуковых праграм, асабліва па філасофіі: «Чым больш знаходжуся ў Лёвен, тым больш з таго цешуся. І сам дзіўлюся, бо ніколі не быў вялікім аптымістам. А яшчэ хацеў бы застацца тут даўжэй». Пасля вяртання з Бельгіі прыняты на пасаду прафесара духоўнай каталіцкай семінарыі ў Петраградзе (01.09.1914). Выкладаў філасофію, сацыялогію і спевы. Адначасова выконваў абавязкі законавучыцеля ў Петраградскай Канстанцінаўскай жаночай гімназіі пры Імператарскім жаночым інстытуце. Пазней выкладаў Закон Божы ў 12-й Петраградскай гімназіі. З беларускім нацыянальна-рэлігійным рухам звязаны з часоў вучобы ў Пецярбургу. Належаў да культурна-асветнага гуртка беларусаў-клерыкаў. Разам са святаром Л.Хвецькам заснаваў першую нацыянальна-рэлігійную арганізацыю Хрысціянская дэмакратычная злучнасць. Шырока выступаў у беларускіх перыядычных рэлігійных выданнях («Krynica», 1917-1920, Петраград-Менск-Вільня; «Chryścijanskaja Dumka», 1928-1929, Вільня). Адзін з арганізатараў і ўдзельнікаў 1-га з'езда беларускіх каталіцкіх святароў (Менск, 24-25.05.1917), дзе выступіў з рэфератам «Справа прасьветная». Сябра саюза ксяндзоў-беларусаў. Камандзіраваны Адміністратарам Магілеўскай архідыяцэзіі біскупам Э.Ропам у Менск «для проведения духовных треб местным католикам» (30.04.1918). Адзін з кіраўнікоў Хрысціянскай дэмакратычнай злучнасці ў Менску. Пры падтрымцы біскупа C.Лазінскага, ініцыятара адкрыцця Менскай духоўнай каталіцкай семінарыі, абраны яе рэктарам. З верасня 1919 г. - сябра Рады Часовага Беларускага нацыянальнага камітэта ў Менску. Уваходзіў у склад дэлегацыі беларускіх дзеячаў, якую 19.09.1919 прыняў у Менску Ю.Пілсудскі. Планавалася, што ў Міністэрстве замежных спраў Беларускай Народнай Рэспублікі атрымае пасаду кіраўніка Місіі ў Рыме. У пачатку 1920-х гадоў - выкладчык эвакуіраванай у Наваградак, а пазней у Пінск каталіцкай семінарыі. З 1926 г. - у ордэне айцоў марыянаў у Друі. У 1929-1938 гг. узначальваў каталіцкую місію ўсходняга абраду ў Маньчжурыі і Кітаі. Прымаў удзел у пасяджэннях Генеральнай капітулы марыянаў у Рыме. Улетку 1939 г. знаходзіўся ў Польшчы. Напрыканцы верасня таго ж года арыштаваны савецкімі органамі бяспекі, больш за 5 гадоў правёў у вязніцах. Памёр ад катаванняў 02.01.1946 у Бутырскай турме (Масква). Месца пахавання невядома.

Літ.: РГИА, ф. 826, воп. 1, спр. 1871; ЦНБ, ф. 5, воп. 1, спр. 1; Архівы БНР; Directorium... Mohiloviensi; ЭГБ, I; EK, I; Усходняя Беларусь; Беларусь (Менск). 1919. № 1; Krynica (Вільня). 1919. № 12; 1920. № 9; Stankiewicz А., 1929; Chryścijanskaja Dumka (Вільня). 1934. № 8; Stankievič А., 1939; Źnič (Рым). 1952. № 18; Божым шляхам (Парыж). 1957. № 76-81; Byelorussian Statehood; Скарыніч; Царква (Менск). 1998. № 1; Dzwonkowski R., 1998.

Паведаміць пра недакладнасьць