Вераценніца ломкая (Angius fragilis)
Мясцовыя назвы - слімень, слівень, мядзянка, мядзяніца.

Паўзун сямейства вераценніцавых. Вераценніца ломкая, або мядзяніца, - адзіны прадстаўнік бязногіх яшчарак у Беларусі. Даўжыня цела 12-22 см, разам з хвастом 23-43 см, маса 15-35 г. Цела верацёнападобнае, доўгае, нагадвае цела змяі. Знешнія прыкметы, якія адрозніваюць вераценніцу ад змей, - гэта наяўнасць рухомых павекаў; лускі брушнога і спіннога бакоў амаль аднолькавыя. Луска тулава выключна гладкая. Колькасць лускавінак на сярэдзіне тулава 23-28, колькасць брушных шчыткоў 126-145. Адкрытая слыхавая адтуліна адзначана ў 20% абследаваных асобін. Афарбоўка цела маладых і дарослых асобін рэзка адрозніваецца. Маладыя вераценніцы афарбаваны ў серабрыста-белы і бледна-крэмавы (з залатым адлівам) колер. Уздоўж хрыбта праходзяць адна або дзве тонкія палоскі, якія пачынаюцца на патыліцы трохвугольнай плямай. Бакі і бруха ярка-бурага або чорнага колеру, рэзка кантрастуюць з афарбоўкай спіны. У працэсе росту афарбоўка мяняецца: спіна цямнее, а бакі і брушка, наадварот, святлеюць. З узростам вераценніцы зверху набываюць ярка-карычневую або цёмна-шэрую афарбоўку з характэрным медным або бронзавым адценнем, чым і тлумачыцца іншая назва віду - мядзянка.

Арэал вераценніцы займае даволі вялікую частку Эўропы, месцамі даходзіць амаль да Палярнага круга. Пашырана яна таксама ў Малой Азіі, на Каўказе, на поўначы Ірана, у Заходняй Сібіры. На тэрыторыі Эўрапейскай часткі паўзун адсутнічае на Крайняй Поўначы, у стэпавай зоне і Крыме. Такім чынам, паміж Каўказам і лясной зонай адзначаны разрыў арэала, што сведчыць на прыхільнасці віду да лясных біятопаў. Гэта пацвярджаецца і пры ацэнцы пашырэння вераценніцы на тэрыторыі Беларусі; значна менш знаходак адзначана ў Магілеўскай вобласці, дзе лясістасць адносна невялікая. У цэлым размеркаванне вераценніцы на тэрыторыі Беларусі мазаічнае.

Найбольш звыклымі біятопамі для вераценніцы з'яўляюцца мяшаныя, бярозавыя і хваёвыя лясы, алешнікі, у якіх яна аддае перавагу палянам, узлескам, высечкам, прасекам, абочынам дарог. Часам паўзуны трапляюцца ў месцах, дзе хваёвыя лясы мяжуюцца з поймамі рэк, азёр, вярховымі балотамі.

Нярэдка вераценніца суседнічае ў адных біятопах з порсткай і жывароднай яшчаркамі, звычайным вужом, мядзянкай.

Колькасць вераценніцы даволі нізкая: у цэлым для лясных біягеацэнозаў яна складае 0,5 (ад 0 да 50) асобіны на 1 га. Пра невысокую колькасць вераценніцы сведчыць той факт, што ў хвойніках яна траплялася ў 2 з 77 абследаваных біятопаў, у бярэзніках - у 2 з 26, у алешніках - у 3 з 52, а ў ельніках і дубровах наогул не выяўлена. Пры гэтым шчыльнасць засялення склала ў хвойніках 0,02 асобіны на 1 га, бярэзніках 0,4, а ўздоўж абочын дарог 1,5, на поймавых лугах 1,7 асобіны на 1 га.

У адрозненне ад іншых яшчарак Беларусі вераценніца менш прыкметная ў прыродзе, бо вядзе даволі скрытны спосаб жыцця. Да таго ж яна актыўная ў асноўным у прыцемках і ноччу пры цёплым надвор'і. Днём яна бывае часцей актыўная ў пахмурнае надвор'е, хаця адзначаліся асобныя выпадкі актыўнасці вераценніц у паўдзённую спёку пры тэмпературы больш за 30°C. Вераценніц, якія «загараюць», часцей можна бачыць вясной, калі яшчэ недастаткова цяпла, а таксама пасля перыяду халоднага надвор'я летам. Любіць гэта яшчарка выйсці на паляванне пасля спорнага летняга дажджу.

Сховішча вераценніца здольна зрабіць сабе сама ў лясным подсціле або мяккай глебе, яна нібыта ўкручваецца галавой у субстрат і прасвідроўвае яго сваім целам. Хаваецца яна таксама пад стваламі паваленых дрэў і штабялямі бярвення, пад кучамі буралому, у трухлявых пнях і пад іх карой, пад камянямі, у норах розных дробных рыючых жывёл. Часам выкарыстоўвае і зусім незвычайныя сховішчы (апісаны выпадкі, калі яна хавалася ў мурашніках). Мурашкі не могуць прычыніць вераценніцы шкоды - скура яшчаркі пакрыта трывалай луской, а вочы пры запаўзанні ў мурашнік яна закрывае.

Звычайна вераценніца поўзае павольна, робячы шырокія няроўныя рухі. Аднак у час пераадолення «перасечанай мясцовасці» (зараснікі травы, хмызняку, кучы камянёў) яе рухі становяцца больш энергічнымі.

Палюе гэта яшчарка пераважна на дажджавых чарвей, якіх бывае шмат на паверхні глебы пасля дажджу. Цікавы спосаб выцягвання іх вераценніцай з земляных хадоў. Вострыя загнутыя назад зубы дазваляюць ёй упэўнена ўтрымліваць слізкіх гнуткіх чарвей, якіх яна павольна заглытвае, хітаючы галавой... Калі ж чарвяк не адразу паддаецца (рыбаловы ведаюць, як яны ўчэпіста трымаюцца ў хадах, калі іх цягнеш), то вераценніца, заціснуўшы частку ахвяры ў роце, выцягваецца ў даўжыню і пачынае шпарка вярцецца вакол восі цела, пакуль кавалак здабычы, які яна ўтрымлівае, не адарвецца. Такім жа чынам вераценніцы «дзеляць» чарвяка, схопленага дзвюма асобінамі з розных канцоў. Акрамя таго, яны паядаюць значную колькасць як голых, так і ракавінных малюскаў. Прычым апошніх вельмі спрытна выцягваюць з цвёрдых панцыраў. Нямала ў рацыёне гэтых яшчарак насякомых і іх лічынак, мнаганожак. Ёсць звесткі аб паяданні вераценніцай малявак змей (вужоў, гадзюк). Аднак у адрозненне ад іншых, больш спрытных яшчарак, вераценніца здольная здабываць толькі адносна маларухомых беспазваночных. Менавіта гэтым тлумачыцца яе «цяга» да чарвей, малюскаў, вусеняў.

Ад ворагаў вераценніцу ў нейкай ступені ратуе скрытны спосаб жацця і характэрная для ўсіх іншых яшчарак здольнасць да аўтатаміі - абломвання доўгага хваста, які застаецца ў зубах або кіпцюрах драпежніка (адсюль і другая частка назвы віду - ломкая). Тым не менш вераценніца часта становіцца ахвярай іншых жывёл, якія кормяцца яшчаркамі, - вожыка, ліса, тхара, куніцы, барсука, птушак (белы бусел, цецяроўнік, перапёлачнік, мышалоў, чырвоны каршун, канюк, асаед, змеяед, пугач, звычайная няясыць, сіваграк, сарока, сойка). Вывучэнне кармлення драпежных птушак у Белавежскай пушчы выявіла, што вераценніца ломкая складае значную частку рацыёну такіх звычайных для рэгіёна драпежных птушак, як канюк і малы падворлік, пры гэтым яны паядаюцца імі часцей, чым больш масавыя віды рэптылій - жывародная яшчарка, звычайны вуж, звычайная гадзюка. Такое інтэнсіўнае праследванне вераценніцы драпежнікамі можа тлумачыцца яе адносна невялікай рухомасцю, прыстасаванасцю да адкрытых біятопаў, а таксама буйнымі памерамі. Цікава, што канюк і малы падворлік адлоўлівае сярод вераценніц самак (гэта значыць найбольш буйных асобін) у 2,4 раза часцей, чым самцоў. Невялікія вераценніцы даволі часта паядаюцца змеямі (мядзянкай і гадзюкай).

На зімоўку вераценніца адыходзіць даволі позна - у канцы верасня - кастрычніку. Зімовую спячку праводзіць у норах, пустэчах пад пнямі, у гнілых пнях, зарываецца на глыбіню да 80 см, каб не прамерзнуць у выпадку бясснежнай халоднай зімы. Часам збіраецца да 20-30 і больш асобін у адным месцы. Вясной яна з'яўляецца ў красавіку адначасова з порсткай яшчаркай (жывародная выходзіць трошкі раней).

Спароўванне ў вераценніцы адбываецца крыху інакш і больш «рытуальна», чым у сапраўдных яшчарак. Самец захоплівае самку ў вобласці шыі. Нярэдка самка спачатку робіць спробы вырвацца, але потым утварае разам з самцом сплеценае кальцо. Часта самец перацягвае самку ў больш зацішнае месца, трымаючы яе нерухомае цела зубамі за шыю. Такую працэсію аднойчы назіралі на пяску прасёлачнай дарогі.

Пасля шлюбнага перыяду прыкладна праз 3 месяцы самка шляхам яйкажыванараджэння ў залежнасці ад уласных памераў прыносіць ад 5 да 26 дзіцянят, часцей за ўсё 7-14. Вядомы выпадак, калі ў тэрарыуме самка, даўжыня цела якой каля 21 см, нарадзіла 20 дзіцянят. Даўжыня цела маладых вераценніц складае каля 5-6 см пры масе 50-76 г. Маляўкі звычайна з'яўляюцца ў канцы ліпеня-жніўні і становяцца полаваспелымі на трэці год жыцця. Ліняе вераценніца некалькі разоў на год, пакідаючы пасля сябе, як і змеі, выпаўзак - старую скуру.

Вераценніца добра сябе адчувае ў жывых кутках і прывыкае да чалавека, бярэ корм з рукі. Яе трымаюць у тэрарыумах, дзе добра сябе адчувае і нават размнажаецца ў няволі. Вядомы выпадак, калі вераценніца пражыла ў тэрарыуме 54 гады.

Вераценніца ломкая - карысны жыхар нашых лясоў. Яна знішчае значную колькасць шкоднікаў і безумоўна заслугоўвае беражлівых адносін да сябе з боку чалавека і выкаранення памылковай думкі пра яе ядавітасць.

Паведаміць пра недакладнасьць