Жаба азёрная (Rana ridibunda)

Земнаводнае сямейства сапраўдных жаб. Даўжыня цела 6-13 см, маса да 200 г. Цела падоўжанае, морда крыху завостраная, але ў асноўным авальная. Барабанная перапонка круглая. Належыць да групы зялёных жаб. Зверху цела афарбавана ў буравата-зялёны колер розных адценняў з цёмнымі плямамі. Уздоўж галавы і хрыбта ў большасці асобін (да 90 %), якія пашыраны ў Беларусі, праходзіць светлая паласа рознай ступені выразнасці (у асобных экзэмпляраў зігзагападобная). Ніжняя частка цела афарбавана ў брудна-белы або злёгку жаўтаваты колер, у большасці выпадкаў са шматлікімі цёмнымі, часам чорнымі плямамі. Вочы ярка-залацістага колеру. Важнейшыя адметныя рысы: калі галёнкі ног прыціснуць да сцёгнаў і размясціць іх перпендыкулярна да падоўжнай восі цела, то галёнкаступнёвыя суставы заходзяць адзін за адзін; унутраны пятачны бугарок нізкі, звычайна больш як у 2 разы карацейшы за першы палец; рэзанатары (шарыкі ў кутках рота, якія надзімаюцца) у самцоў шэрыя, часам амаль чорныя. Лічынка, або апалонік, светла-аліўкавай афарбоўкі, грушападобнай формы. Прамежак паміж вачамі больш як у 2 разы шырэйшы за адлегласць паміж ноздрамі. На верхняй губе ротавага дыска 2-3, на ніжняй - 3 рады зубоў.

Азёрная жаба распаўсюджана ў Паўднёвай і Сярэдняй Эўропе, Пярэдняй і Сярэдняй Азіі, у Паўночнай Афрыцы. Ва Ўсходняй Эўропе пашырана да 60° паўночнай шыраты, трапляецца ў Крыме, на Каўказе, у Казахстане і Сярэдняй Азіі, на ўсходзе да возера Балхаш. У Беларусі мазаічна пашырана па ўсёй тэрыторыі.

Гэта самы буйны від не толькі сярод нашых жаб, але і сярод усіх земнаводных Палеарктыкі. Трапляюцца гіганты даўжынёй да 17 см. Самкі звычайна буйнейшыя за самцоў. Афарбоўка спіны дапамагае азёрнай жабе заставацца незаўважанай сярод прыбярэжнай і воднай расліннасці. Гэтаму ў немалой ступені садзейнічае і светлая выразная паласа, якая нібы расчляняе цела і парушае суцэльнае ўспрыманне яго абрысу. У вадзе гэта паласа вельмі падобная на сцёблы водных раслін, якія ярка зелянеюць на цёмным фоне дна.

Жыве азёрная жаба ў пастаянных, дастаткова глыбокіх (не менш за 20 см) вадаёмах. Часцей за ўсё гэта старыцы, азёры, сажалкі, канавы, але нярэдка яе можна сустрэць і ўздоўж берагоў вялікіх і малых рэк. Актыўная амаль круглыя суткі. У выпадках небяспекі азёрная жаба звычайна хаваецца ў вадзе. Палюе яна пераважна на сушы, уздоўж берагоў вадаёмаў, тут яе часцей за ўсё можна сустрэць у самы цёплы час сутак - з 12 да 17 гадзін. Як і ўсе жабы, азёрная корміцца рознымі насякомымі (68-95% рацыёну), з якіх 27% належыць да лятаючых форм, лічынкамі стракоз, воднымі жукамі і іх лічынкамі, малюскамі. Калі ж наземнага корму недастаткова, азёрныя жабы ў вялікай колькасці паядаюць апалонікаў свайго віду, яны нават здольныя карміцца маляўкамі рыб у месцах іх канцэнтрацыі ў рыбаводных сажалках. Але ў прыродных вадаёмах роля рыбы ў кармленні азёрных жаб мінімальная. Гэта вельмі важна адзначыць, таму што азёрная жаба яшчэ не цалкам «рэабілітавана»: па няведанні многія лічаць яе злосным шкоднікам рыбнай гаспадаркі. Часта здабычай азёрнай жабы становяцца і маладыя жабяняты як свайго, так і іншых відаў. У адрозненне ад іншых земнаводных гэта буйная жаба часам нападае на дробных млекакормячых (палёвак, землярыек), дробных птушак, птушанят, маладых змей (часцей вужанят). Азёрная жаба сама бывае ахвярай рыб (шчупакоў, судакоў, акунёў, ментузоў), рэптылій (вужоў, гадзюк). Яна нярэдка становіцца здабычай многіх відаў птушак (чаек, крачак, паганак, качак, буслоў, чапляў, бугаёў, сівагракаў, варон, гракоў, саракушаў і драпежных птушак). З млекакормячых яе паядаюць буразубкі, пацукі, ваўкі, лісы, янотападобныя сабакі, ласкі, тхары, норкі, куніцы, барсукі, выдры і нават свойскія каты. Зімуюць азёрныя жабы звычайна ў тых жа вадаёмах, дзе жывуць у цёплы перыяд года, аднак часам мігрыруюць у больш глыбокія месцы, дзе ёсць крыніцы. Як і травяныя жабы, халодны час яны перажываюць на дне вадаёмаў, аднак як больш цеплалюбівыя адыходзяць на зімоўку раней, у канцы верасня або ў кастрычніку, калі тэмпература вады зніжаецца да 8-10°C. У незамярзаючых вадаёмах з цёплай вадой жабы бываюць актыўныя амаль усю зіму. Вядома, што азёрная жаба з'яўляецца пасля зімоўкі на 10-30 дзён пазней бурых, але назіранні пад Менскам паказалі, што ў канцы сакавіка яна трапляецца ўздоўж берагоў вадаёмаў, у якіх зімавала разам з травянымі жабамі.

Для азёрнай жабы характэрна класічнае кваканне. У самцоў у шлюбны перыяд у час спеваў у ротавых кутках надзімаюцца шэрыя шарыкі - рэзанатары, якія служаць для ўзмацнення гуку. Цікава, што відавая лацінская назва Rana ridibunda у перакладзе на беларускую мову азначае «рагатуха». Першую спробу голасу самцы азёрнай жабы робяць, калі вада днём праграецца да 14-16°C, звычайна гэта адбываецца і ў канцы красавіка. Спароўванне і нераставанне пачынаецца толькі ў той час, калі вада праграецца мінімум да 16°C. Нераставанне пачынаецца ў найбольш нагрэтых і абароненых ад ветру месцах вадаёмаў. Не ўсе жабы адначасова адкладваюць ікру: перыяд іх размнажэння заўсёды вельмі расцягнуты і займае не менш як 30-35 дзён з пікам нераставання ў траўні і апошнімі свежымі кладкамі ў сярэдзіне-канцы чэрвеня. Месцы нераставання ў азёрнай жабы пастаянныя. Большасць асобін выбірае для размнажэння даволі глыбокія вадаёмы, якія зараслі эладэяй, урэчнікам, стрэлкалістам і іншымі раслінамі. Часам нераставанне адбываецца ў неглыбокіх невялікіх вадаёмах, якія добра праграюцца і размешчаны побач з пастаяннымі. Гэта характэрна для асобін, якія пачынаюць размнажэнне першымі.

Паведаміць пра недакладнасьць