Мядзянка (Coronella austriaca)
Занесена ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь.

Паўзун сямейства вужовых. Даўжыня цела 44-60 см, разам з хвастом 55-75 см, маса 45-150 г. Колькасць лускавінак вакол цела 19-21, колькасць брушных шчыткоў 166-184. Мядзянка характарызуецца вельмі гладкімі лускамі тулава, і, відаць, таму іншы раз яе называюць гладкім вужом. Зрэнка ў адрозненне ад гадзюкі круглая. Радужная абалонка вачэй залаціста-медная. Шчыткі па краях брушка ўтвараюць яўна выражанае рабро. Афарбоўка верхняй часткі цела пераважна брудна-шэрага або карычневага колеру, але можа вар'іраваць ад шэра-бурай да чырвона-бурай і медна-чырвонай. Уздоўж спіны 2-4 рады дробных плямак, якія могуць злівацца ў суцэльныя палоскі. У адных асобін плямы выразныя, у іншых - ледзь праглядаюцца. На шыі дзве кароткія бурыя палоскі або дзве плямы, якія злучаюцца на патыліцы. Ад ноздраў праз вочы да куткоў рота цягнецца вузкая цёмная палоска. Ніжні бок цела аранжава-бурага адцення з раскіданымі крапінкамі.

Мядзянка насяляе амаль усю Эўропу (акрамя Ірландыі, большай часткі Англіі, паўночнай часткі Скандынаўскага паўвострава, поўдня Пірынейскага паўвострава і некаторых астравоў у Міжземным моры), Заходні Казахстан, Заходнюю Сібір, паўночную частку Малой Азіі, Каўказ, Закаўказзе і Паўночны Іран. Тэрыторыя нашай краіны не толькі цалкам уваходзіць у межы арэала, але і знаходзіцца ў сярэдняй яе частцы. У Беларусі вядома вельмі мала сучасных і больш ранніх (першая палова стагоддзя) знаходак. За апошнія 5-10 гадоў мядзянка адзначана толькі ў Аршанскім, Дубровенскім, Валожынскім (Налібоцкая пушча), Пухавіцкім, Лагойскім, Ганцавіцкім, Баранавіцкім, Слаўгарадскім, Лельчыцкім раёнах, у Прыпяцкім запаведніку. Больш раннія знаходкі вядомы на тэрыторыі Летувы і Заходняй Дзвіны (1912), у Белавежскай пушчы (1921), у наваколлях г. Любань, в. Орля былога Жалудоцкага (цяпер Шчучынскага) раёна.

Мядзянка адносіцца да лясных рэптылій, якія любяць прагрэтыя ўзлескі, паляны, рэдкалессі, высечкі. Аблюбаваныя біятопы размешчаны звычайна паміж забалочанымі і сухімі (хвойнікі, пясчаныя дзюны) участкамі. Гэтыя месцы, як правіла, маюць узгорысты рэльеф, мазаічнасць ландшафтаў з мноствам сховішчаў (вываратні, пні, ламачча).

Часта мядзянкі жывуць на густа зарослых верасамі палянах мяшаных лясоў. У Пухавіцкім раёне (паблізу в. Талька) пасяленне мядзянак знойдзёна побач з чыгуначным насыпам, у Лельчыцкім - на высечцы каля шашы. Адзначана знаходка мядзянкі ў невялікім хмызняку сярод засеянага поля ў Гарадзенскай вобласці. Можна зрабіць вывад, што гэты від мог бы суседнічаць з трансфармаванымі біятопамі, калі б не вынішчаўся людзьмі. У іншых частках арэала тыповымі біятопамі мядзянкі з'яўляюцца ўзлескі і лесапалосы, лугі, светлыя мяшаныя лясы з дубам, хвояй, бярозай, а таксама схілы пад хмызняком, сухія верасовыя пустэкі.

Як цеплалюбівы від, выбірае дастаткова сухія месцы, сярод змей умераных шырот мядзянка мае самы кароткі сутачны і сезонны перыяд актыўнасці. Па назіраннях, праведзёных у Ганцавіцкім раёне, у ліпені актыўны перыяд мядзянкі працягваўся з 9.30 да 19 гадзін, у верасні - з 10 да 13 гадзін.

Асноўны корм мядзянак - рэптыліі, у прыватнасці жывародная, радзей - порсткая яшчарка і вераценніца. У страўніках мядзянкі трапляюцца таксама дробныя вужы і асобіны ўласнага віду. Нават толькі што народжаныя мядзянкі палююць за маляўкамі яшчарак. Акрамя сабратаў па класе мядзянкі паядаюць мышападобных грызуноў, іншы раз дробных птушанят, амфібій і вельмі рэдка - насякомых.

Адной - дзвюх буйных жывародных яшчарак мядзянцы хапае на 2-3 дні, але галодная змяя памерам прыкладна 50 см здольная за адно паляванне праглынуць да 6 дарослых яшчарак. Палюе мядзянка звычайна «з засады» або марудна перапаўзаючы па сваім участку ў пошуках ежы. Убачыўшы яшчарку, змяя асцярожна набліжаецца да яе (да мінімальнай дыстанцыі), пасля чаго робіць рэзкі кідок, і вакол схопленай сківіцамі ахвяры імгненна абвіваецца кольцамі яе цела. Папераменна працуючы сківіцамі, мядзянка паступова дабіраецца да галавы здабычы, з якой і пачынаецца заглытванне. Праз 10-15 хвілін яшчарка цалкам апыняецца ў страўніку змяі, а на зграбным целе мядзянкі з'яўляецца добра бачны жаўлак - уздуцце ад з'едзёнай ежы. Сліна мядзянкі мае ядавітыя ўласцівасці, што дапамагае ёй паспяхова «распраўляцца» з даволі вялікімі для яе порсткімі яшчаркамі і вераценніцамі.

Гэта змяя даволі жвавая і агрэсіўная. У выпадку небяспекі яна паводзіць сябе крыху своеасабліва: скручваецца ў тугі шчыльны камяк, куды хавае галаву, і на ўсякі дотык рэагуе толькі больш тугім сцісканнем свайго цела. Аднак агрэсіўны нораў бярэ сваё - мядзянка з сыканнем і адкрытай пашчай выкідвае пярэднюю частку цела ў бок ворага. Пры гэтым яна расшырае скулы і гучна сыкае. Але, як правіла, перш за ўсё мядзянка імкнецца хутчэй схавацца. Злоўленая, яна нярэдка злосна кусаецца. Адносна вялікія асобіны могуць пракусіць скуру чалавека да крыві, хоць ніякіх асабліва непрыемных вынікаў гэта не мае: толькі дзень-два сляды ад укусаў, звычайна дзве кропкі, злёгку запаляюцца і пабольваюць.

Як і ўсе нашы змеі і яшчаркі, мядзянка становіцца ахвярай звяроў, птушак. Вядомы выпадкі палявання на мядзянак харкамі, барсукамі, драпежнымі птушкамі.

Сховішчамі для мядзянак з'яўляюцца кінутыя норы дробных жывёлін, пустэча пад пнямі і ўнутры іх, пад камянямі. Яна іх выкарыстоўвае не толькі ў актыўны перыяд года, але і ў большасці выпадкаў для зімоўкі. Выключна цікавая асаблівасць гэтага віду змей - тэрытарыяльная кансерватыўнасць. Мядзянка ў адрозненне ад гадзюкі і вужа не робіць сезонных міграцый і не збіраецца ў вялікай колькасці ў месцах зімовак. Зімуюць мядзянкі па адной і заўсёды ў межах адносна невялікай тэрыторыі радыусам не больш за 30-40 м, дзе знаходзяцца і ў летні перыяд. Тэрытарыяльны кансерватызм, відаць, таксама з'яўляецца адной з прычын рэдкасці гэтага віду, бо ўчасткаў, якія б адпавядалі патрабаванням да летніх і зімовых умоў гэтай рэптыліі, не так ужо і шмат.

Вясной мядзянка з'яўляецца не раней як у красавіку. Спароўванне адбываецца ў канцы красавіка - пачатку траўня ў залежнасці ад умоў надвор'я. У Францыі ўстаноўлены выпадкі восеньскага спароўвання мядзянак, прычым семя самцоў захоўваецца ў спецыяльных прыёмніках самак да вясны, калі і адбываецца апладненне яйкаклетак. Для такога нешматлікага віду гэта біялагічная асаблівасць вельмі карысная, бо самец можа і загінуць за час зімоўкі.

У мядзянкі адбываецца яйкажыванараджэнне. Прычым яйкі так доўга затрымліваюцца ў яйкаводах самкі, што маляўкі вылупліваюцца з іх у момант адкладання. Маладое папаўненне з'яўляецца да канца лета (канец ліпеня) або ў самым пачатку восені. Адна самка прыносіць у тонкай паўпразрыстай абалонцы ад 2 да 15 дзіцянят, якія хутка ад яе вызваляюцца, прарываючы абалонку галавой. Маладыя мядзянкі даўжынёй каля 13 см і масай 3,5-4,5 г вельмі актыўныя і адразу паказваюць свае драпежніцкія схільнасці, пачынаюць праследаваць малявак яшчарак. Нягледзячы на сваю агрэсіўнасць, мядзянкі добра прыжываюцца ў няволі (у тэрарыуме), пачынаючы ўжо праз 1-1,5 тыдня браць корм.

На тэрыторыі краіны, а таксама ў многіх іншых краях мядзянка трапляецца вельмі рэдка, што звязана з вынішчэннем яе людзьмі, бо памылкова лічыцца ядавітай змяёй. Мядзянка, якая жыве ў адкрытых, даступных для чалавека месцах, становіцца іх лёгкай ахвярай. У меншай ступені яе колькасць зніжаецца з-за пераўтварэння месцаў пражывання. Цяпер, на жаль, толькі шчасліўчыкі могуць палюбавацца гэтай прыгожай змяёй, якая ў адрозненне ад гадзюкі і вужа можа абвіваць прадметы сваім мускулістым і гнуткім целам і іншы раз запаўзае на ніжнія часткі кустоў і дрэў, нібы дэманструючы сябе. Мядзянцы, як рэдкаму віду, занесенаму ў Чырвоную кнігу Беларусі, неабходна спецыяльная ахова. Нельга не адзначыць, што гэты цікавы від вывучаны яшчэ вельмі недастаткова. Невыпадкова ў верасні 1990 г. ў Англіі праводзіўся спецыяльны сімпозіум па праблемах яго экалогіі і аховы. Артыкул пра мядзянку, «Чырвоная кніга Беларусі»

Паведаміць пра недакладнасьць