Галоўная старонка Навіны Пра праект Кантакт Спасылкі Кнігі ў PDF/DJVU Канвэртар лацінкі Бібліяграфія
Шукаць:    
 
 толькі ў назьве   шукаць ва ўсіх    віртуальная клявіятура Уставіць беларускае "і" Уставіць у-кароткае (ў)
 
 
 

Трытон грабеньчаты (Triturus cristatus)

Земнаводнае сямейства саламандравых. Крыху большы за трытона звычайнага. Даўжыня цела 5-7 см, з хвастом - 9,5-13,5 см, іншы раз да 18 см, маса 3-12 г. Скура буйназярністая. Галава адносна шырокая, адмежавана ад тулава шыйным звужэннем. Афарбоўка верхняй часткі цела чорная або карычнева-чорная з яшчэ больш цёмнымі плямамі. Ніжняя частка цела аранжавая, таксама з чорнымі плямамі рознай формы і велічыні. У шлюбны перыяд толькі ў самцоў добра развіты высокі зубчасты грэбень, які перарываецца, або рэзка зніжаецца каля асновы хваста, што ў найбольшай ступені знешне адрознівае грабеньчатага трытона ад звычайнага. Па баках хваста праходзіць блакітнаватая паласа з перламутравым адлівам. Лічынка мае вонкавыя жабры, доўгі ніткападобны адростак на хвасце і вельмі доўгія ўнутраныя пальцы канечнасцей. Хвост у лічынкі адносна тулава даўжэйшы, а сама яна значна большая за лічынку звычайнага трытона.

Арэал віду ўключае Заходнюю Эўропу (акрамя Паўднёвай Францыі, Пірэнейскага паўвострава і поўначы Скандынаўскага), паўночную частку Малой Азіі. Грабеньчаты трытон трапляецца ў цэнтральных абласцях Эўрапейскай часткі Расеі і на Ўрале. У Беларусі пашыраны па ўсёй тэрыторыі, аднак больш мазаічна і ў 5-10 разоў радзей, чым звычайны трытон. У Заходняй Эўропе грабеньчаты трытон сярод земнаводных складае каля 4%, у адносінах да звычайнага - каля 30%. Грабеньчаты трытон насяляе поймы рэк і азёр, лясы, хмызнякі, паркі. Ён лепш прыстасаваны да жыцця на адкрытых прасторах, вельмі рэдка трапляецца каля жылля і ў іншых месцах, пераўтвораных гаспадарчай дзейнасцю чалавека, або зусім адсутнічае.

Усю вясну і лета грабеньчаты трытон праводзіць у вадаёмах, нярэдка разам са звычайным трытонам і бясхвостымі амфібіямі, але пазбягае забруджаных месцаў. Для размнажэння аддае перавагу больш глыбокім (да 0,5-0,7 м) вадаёмам у адрозненне ад звычайнага трытона. Шлюбныя гульні заключаюцца ў своеасаблівых рухах самца: ён набліжаецца да самкі і паралельна ідзе з ёй з характэрнымі рухамі хваста (хвалепадобныя выгіны і дрыжанне), іншы раз ён механічна стымулюе самку хвастом, спыняе яе пры спробе адысці. Сваімі паводзінамі самец прыцягвае ўвагу самкі да сперматафору, які адкладвае, самка павінна захапіць яго клаакай. Пасля перыяду шлюбных гульняў самка адкладвае 80-600 ікрынак. Ікрынкі прымацоўваюцца звычайна да ніжняга боку лісця па адной або ланцужком з 2-3 ікрынак. Эмбрыянальнае развіццё працягваецца 13-18 сутак, лічынкавае - каля 90. Да заканчэння развіцця маладыя трытончыкі дасягаюць даўжыні (разам з хвастом) 4-6 см. Вядомы выпадкі зімовак лічынак, якія не паспелі прайсці метамарфоз, у вадаёмах.

Грабеньчаты трытон часцей за ўсё корміцца воднымі беспазваночнымі. Пры знаходжанні ў вадзе лічынкі насякомых у яго рацыёне складаюць да 40%, малюскі - да 60%. Іншы раз грабеньчаты трытон можа паядаць апалонікаў.

Пасля шлюбнага перыяду, калі выходзіць на сушу, трытон днём хаваецца ў сховішчах, а ноччу або ў дажджлівыя дні палюе. Грабеньчаты трытон паядае пераважна дажджавых чарвей (да 65%), слізнякоў (12-22%), насякомых і іх лічынкі (20-60%).

Хоць грабеньчаты трытон і вызначаецца ядавітымі выдзяленнямі скуры (невыпадкова яна зярністая), ворагі ў яго тыя ж, што і ў звычайнага: зялёныя жабы, вужы, гадзюкі, буслы, чаплі і шэраг іншых птушак. Іншы раз грабеньчаты трытон становіцца ахвярай балотнай чарапахі.

На зімоўку грабеньчаты трытон ідзе апошнім з земнаводных, у канцы кастрычніка. Яго можна назваць «рэкардсменам» Эўропы сярод іх па холадаўстойлівасці. Ён лёгка пераносіць нізкія тэмпературы і не страчвае рухомасці нават пры 0°C. Зімуе звычайна на сушы, аднак вядомы выпадкі зімоўкі ў незамярзаючых ручаях з крыніцамі. Зімуе, як правіла, у лясах, прычым пераважна ў лісцевых.

Грабеньчаты трытон - своеасаблівы індыкатар чысціні вадаёмаў. Карысны тым, што знішчае лічынкі насякомых-крывасмокаў (камароў), а ў перыяд пражывання ў лясах - шкоднікаў лясных культур. Мае эстэтычную каштоўнасць, асабліва з-за прыгожай афарбоўкі самцоў, таму нярэдка ўтрымліваецца ў акватэрарыумах.

Земнаводныя і паўзуны   Земнаводныя і паўзуны
Галоўная старонка   Галоўная старонка
Даслаць ліст адміністратару Заўважылі недакладнасьць?
Паведаміце нам!
    (с) Электронная Энцыкляпэдыя, 2003-2018