Серпентарый, памяшканне для масавага ўтрымання змей з мэтай атрымання ад іх яду. У апошні час серпентарыямі часта называюць спецыялізаваныя прадпрыемствы - змеегадавальнікі, якія займаюцца ўтрыманнем змей і атрыманнем яду. Серпентарыямі таксама называюць памяшканні для ўтрымання змей у заапарках. Першымі стваральнікамі серпентарыяў былі французскія вучоныя Пастэраўскага інстытута ў Парыжы. У 1895 г. яны атрымалі першыя ўзоры супрацьзмяінай сывараткі, здабыча яду адбывалася ў лабараторных умовах. У Бразіліі на тэрыторыі маёнтка «Фасэнда Бутантан» каля Сан-Паўлу ў 1899 г. пад кіраўніцтвам Віталя Бразіль Мінэйра быў створаны буйнейшы ў свеце сералагічны інстытут з серпентарыем для здабывання ядаў трапічных змей. З пашырэннем і паглыбленнем работ пры вывучэнні механізмаў уздзеяння змяіных ядаў на арганізм жывёл і чалавека сетка прадпрымальніцкіх дзяржаўных і прыватных серпентарыяў пашырылася па ўсёй планеце і працуе галоўным чынам на фармацэўтычную і біяхімічную прамысловасць (на аснове змяінага яду выпускаецца больш за 30 лекавых прэпаратаў). У былым СССР прапрацоўкі па серпентарыях вяліся з 1930-х гадоў, першыя прадпрыемствы былі створаны ў Ташкенце і Бішкеку ў 1960-я гады, пазней яны з'явіліся ў Азербайджане і Туркменіі; у 1971 быў створаны серпентарый у Падмаскоўі. Выбар месцазнаходжання прадпрыемстваў вызначаўся ў першую чаргу колькасцю ў рэгіёне ядавітых змей і наяўнасцю навуковых цэнтраў са спецыялістамі ў гэтай галіне. Серпентарыі Туркменіі і Азербайджана спецыялізуюцца на атрыманні яду ў гюрзы, кобры, эфы, Бішкекскі і Падмаскоўны серпентарыі працуюць з гадзюкай звычайнай. Серпентарыі ў Беларусі з'яўляюцца самымі маладымі і адносяцца да катэгорыі навукова-вытворчых з нязначнымі аб'ёмамі жывёл. Падставай для іх стварэння былі навуковыя матэрыялы пра стан папуляцыі і колькасць гадзюкі звычайнай у Беларусі, якія былі сабраны Інстытутам заалогіі АН Беларусі за працяглы перыяд. Пры выбары месцазнаходжання серпентарыяў ставіліся дзве мэты: размяшчэнне ў месцах з высокай шчыльнасцю пражывання гадзюкі звычайнай; блізкасць да навуковага цэнтра, што дазваляе весці навуковыя даследаванні ў галіне рацыянальнага выкарыстання жывёл у вытворчым асяроддзі і яе аховы ў прыродных умовах. Зыходзячы з гэтага, у 1987 г. першы беларускі серпентарый быў арганізаваны ў в. Шчытаўка Віцебскай вобласці, а другі - у 1988 г. ў пасёлку Бараўляны пад Менскам. З 1989 г. яны знаходзяцца ў распараджэнні дзяржаўнага малога прадпрыемства пры Інстытуце заалогіі АН Беларусі. На базе гэтых серпентарыяў распрацоўваліся перспектыўныя біятэхналогіі працяглага ўтрымання змей у няволі, літасцівыя метады ядавытворчасці, вывучаюцца заканамернасці размеркавання гадзюкі звычайнай на тэрыторыі краіны са складаннем кадастравых характарыстык, праводзіцца ацэнка яе запасаў, распрацоўваюцца перспектыўныя планы выдалення жывёл з прыродных і трансфармаваных угоддзяў, вядзецца здабыча яду і атрыманне з яго біялагічна актыўных кампанентаў. Унутраная арганізацыя айчынных серпентарыяў, як правіла, у многім падобная. Пры размеркаванні вытворчых плошчаў абавязкова ўлічваецца неабходнасць такіх памяшканняў, як боксы для размяшчэння змей: ізалятар (для каранціну і лячэння жывёл); пакой для ўзяцця яду; халадзільны пакой (для захавання кармоў, а таксама жывёл, якія змешчаны на зімоўку); віварый (размяшчэнне мышападобных грызуноў, што выкарыстоўваюцца ў якасці жывога корму для змей); вагавая (узважванне атрыманых ядаў); анатамічныя (для абследавання здохлых жывёл); пакой адпачынку для працуючага персаналу серпентарыя. У некаторых выпадках серпентарыі маюць і адкрытыя вальеры, дзе ў летні перыяд жывёлы поўнасцю знаходзяцца ва ўладзе прыроды. Да закрытых памяшканняў прад'яўляюцца абавязковыя патрабаванні: усе дзвярныя праёмы забяспечваюцца падвойным тамбурам або парогам, які мае вышыню не менш за 60 см; павінна функцыянаваць прытокава-адтокавая вентыляцыя, вытворчыя памяшканні аснашчаюцца аўтаматычнай сістэмай кіравання мікракліматам. Для пакояў, у якіх утрымліваюцца змеі або праводзяцца работы з імі, неабходная гарачае і халоднае водазабеспячэнне. Размяшчэнне жывёл у боксах адбываецца на тэрыторыях, якія забяспечваюцца награвальнымі элементамі (лямпы напальвання), паілкай і субстратам (штучны, прыродны). Выбар канструкцыі клеткі для размяшчэння змей вызначаецца спецыялістамі прадпрыемства. Як правіла, на кожныя 350-500 змей патрабуецца адзін герпетолаг і адзін зоалабарант для правядзення работ па ўзяцці яду, пасіўным і прымусовым кармленні, прыбіранні клетак, купанні і лячэнні змей.

Паведаміць пра недакладнасьць