Галоўная старонка Навіны Пра праект Кантакт Спасылкі Кнігі ў PDF/DJVU Канвэртар лацінкі Бібліяграфія
Шукаць:    
 
 толькі ў назьве   шукаць ва ўсіх    віртуальная клявіятура Уставіць беларускае "і" Уставіць у-кароткае (ў)
 
 
 

Акадэмічны асяродак (1960-1970-я), назва групаў і асобных людзей у Акадэміі Навук Беларусі, якіх характарызуюць нацыянал-дэмакратычныя перакананьні і спробы легальнай актыўнасьці ў тагачасных умовах (вызначэньне Рэд.).

Дысыдэнцкі рух сярод беларускай інтэлігенцыі ў пасьлясталінскі час адрозніваўся ад рухаў, якія існавалі ў мэтраполіі - ён быў пераважна нацыянальна-патрыятычным. Камуністычны рэжым ставіў сваёй мэтай духоўнае вынішчэньне беларускага этнасу, яго поўную русіфікацыю. Таму асноўны націск рабіўся на выцясьненьне беларускай мовы з усіх сфэраў ужытку, і асабліва грамадзка-палітычнай, на пазбаўленьне народа гістарычнай памяці і замбаваньне яго абэцэдаршчынай.

У такіх умовах нават публічнае выкарыстаньне беларушчыны было аб'ектыўна праявай антыкамунізму, формай супраціўленьня існуючаму рэжыму. Носьбіты літаратурнага беларускага слова знаходзіліся на ўліку ў адпаведных установах, яны былі пад пільным наглядам, як нацыяналісты, і адпаведна, як антысаветчыкі і антыкамуністы, калі ня яўныя, то ў патэнцыі.

Яшчэ адно адрозьненьне беларускага дысыдэнцтва ад маскоўскага ў тым, што яго ўдзельнікі заставаліся невядомыя грамадзкасьці, бо ў Менску не было ні замежных амбасад, ні прадстаўнікоў іншаземных сродкаў масавай інфармацыі. Адбывалася цкаваньне іншадумцаў, звальненьне іх з працы, зьняволеньне ў турмы і псыхіятрычныя лякарні, але водгульле падзей глухла, як у чорным мяшку, у павуціньні ўсеагульнага замоўчваньня.

Абстаноўка 1960-х у краіне характарызаваласядалейшай ліквідацыяй беларускага школьніцтва, беларускамоўнага пэрыядычнага друку. Нават айчынную літаратуру ўжо пачыналі вывучаць па расейскіх перакладах, а чынавенства сьпяшалася зьдзейсьніць заклік Хрушчова хутчэй прыйсьці да камунізму, пазбавіўшыся роднай мовы. Становішча ж у Акадэміі Навук Беларусі могуць тлумачыць такія факты: дырэктар Інстытуту мовазнаўства ня ўмеў гаварыць па-беларуску, тым больш не карысталіся беларушчынай дырэктары іншых навуковых інстытутаў, навуковая літаратура за рэдкімі выключэньнямі друкавалася па-расейску. І такая антыбеларуская завядзёнка практыкавалася ва ўсіх акадэмічных структурах. Прыём у асьпірантуру ішоў праз шчыльнае партыйна-кэгэбісцкае сіта. Дый увогуле значная частка супрацоўнікаў, асабліва зьвязаных з беларусазнаўствам, зьяўлялася спэцагентурай.

Усеагульная і ваяўнічая палітыка русіфікацыі выклікала пратэст многіх зь беларускай інтэлігенцыі, у тым ліку і акадэмічнай. Праўда, далёка ня кожны адважваўся на выказваньне сваёй пазыцыі, тым больш на нейкія дзеяньні. Хоць «хрушчоўская адліга» быццам яшчэ і працягвалася, але страх глыбока ўеўся ў гены беларуса. У выніку ўжо з пачатку 1960-х у асяродзьдзі маладых навукоўцаў і асьпірантаў пераважна гуманітарных навуковых інстытутаў Акадэміі пачынае складвацца нефармальнае кола аднадумцаў, каму «попел Клааса грукаў у сэрца». Рух ня быў фармалізаваны, не вялося ні сьпісаў, ні пратаколаў, не прымалася нейкіх пісьмовых рашэньняў. Некаторыя яго ўдзельнікі нават не былі між сабою знаёмыя. Напрыклад, я з Валянцінам Рабкевічам, хоць і «праходзіў па адной справе», асабіста сустрэўся шмат пазьней.

Удзельнікі руху трапілі ў сталіцу ўжо пераважна нацыянальна сьвядомымі асобамі. Знамянальна, што большасьць зь іх паходзіла з Заходняй Беларусі, або пэўны час там працавала. Менавіта на захадзе нашага краю яны знаходзілі яшчэ жывых носьбітаў заходнебеларускага незалежніцкага руху, там маглі знаёміцца і зь віленскімі беларускімі выданьнямі, якіх нямала дзе ацалела ў куфрах і на паддашках.

З тых, хто ў 1974-1975 быў звольнены з працы, як нацыяналіст (прозьвішчы падаю ў алфавітным парадку):
Каўрус Алесь, старшы навуковы супрацоўнік Інстытуту мовазнаўства, нарадзіўся на Мядзельшчыне;
Лапуць Віктар, загадчык аддзелу Інстытуту геалогіі, нарадзіўся на Капыльшчыне ў сям'і, дэпартаванай у 1937 у Казахстан, вучыўся ў Львове, нацыянальна абудзіўся пад уплывам Уладзіміра Караткевіча і Сьцяпана Місько;
Місько Сьцяпан, старшы навуковы супрацоўнік Інстытуту мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклёру, нарадзіўся на Слонімшчыне;
Пазьняк Зянон, асьпірант Інстытуту мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклёру, нарадзіўся на Івейшчыне;
Прашковіч Мікола, старшы навуковы супрацоўнік Інстытуту літаратуры, нарадзіўся ў Бярэзінскім р-не, працаваў настаўнікам на Смаргоньшчыне;
Рабкевіч Валянцін, старшы рэдактар Беларускай Савецкай Энцыкляпэдыі, нарадзіўся на Капыльшчыне, працаваў журналістам на Браслаўшчыне і Валожыншчыне;
Чарняўскі Міхась, старшы навуковы супрацоўнік Інстытуту гісторыі, нарадзіўся і настаўнічаў на Мядзельшчыне.

Былі таксама ўдзельнікі А.а., у дачыненьні якіх абмежаваліся «прафіляктычнымі размовамі» і запалохваньнем.

Сьветапогляд і патрыятычная пазыцыя ўсіх гэтых людзей фармаваліся:
- заходнебеларускай традыцыяй (кантакты з жывымі яе носьбітамі, знаёмства з адпаведнай патрыятычнай літаратурай);
- традыцыямі беларусізацыі другой паловы 1920-х (праз знаёмства з тагачаснай літаратурай, якая ацалела ад зьнішчэньня);
- узнаўленьнем гістарычнай памяці (забароненыя кнігі В.Ластоўскага, У.Ігнатоўскага, Я.Смоліча, польскамоўныя выданьні);
- дзейнасьцю беларускай эміграцыі (праз радыё «Свабода» і дзякуючы «выкрывальным» савецкім публікацыям, зь якіх мы выбіралі патрэбную інфармацыю);
- уплывам украінскага нацыянальна-вызвольнага руху (праз кантакты з навукоўцамі Акадэміі Навук Украіны) і ў некаторай ступені аналагічных рухаў у краінах Балтыі;
- уплывам расейскага дысыдэнцкага руху (праз самвыдат);
- сьціслымі кантактамі з прадстаўнікамі старога беларускага Адраджэньня, якія вярнуліся з канцлягераў, або зь іх бліжэйшымі родзічамі (Язэп Сушынскі, Ларыса Геніюш, Мікола Ўлашчык, Паўліна Мядзёлка, у некаторай ступені Гаўрыла Гарэцкі, жонка Аркадзя Смоліча і інш.).

Амаль кожны з А.а. меў кантакты з аднадумцамі па-за Акадэміяй - з унівэрсытэцкай групоўкай студэнтаў-філфакаўцаў, з аб'яднаньнем «На Паддашку», куды ўваходзілі пераважна менскія мастакі і мастацтвазнаўцы; з групоўкамі Гарадзеншчыны (Ларыса Геніюш, Алесь Белакоз і інш.), Маладэчны (Генадзь Каханоўскі, Мікола Ермаловіч і інш.), Баранавічаў, Наваполацку, некаторымі афіцэрамі і курсантамі ВІРТУ. Важную ролю ў тагачасным патрыятычным руху адыгрывалі таксама мастак Лявон Баразна (забіты пры загадкавых абставінах у 1972) і асабліва Ўладзімір Караткевіч.

Было ў нашым асяродзьдзі некалькі асоб, якія «не засьвечваліся» і практычна ня ўдзельнічалі ў сходках, але яны назапашвалі і хавалі інфармацыю. Іх задачай было ўцалець пры магчымым разгроме руху і арыштах і стаць перадатчыкам ідэі Адраджэньня наступнікам. Прозьвішчаў іх я ня буду называць і зараз.

Каля А.а. круціліся і пэўныя людзі, якіх мы падазравалі ў сувязях са спэцслужбамі. Даходзіла таксама інфармацыя, што намі цікавяцца «куратары» з КГБ. Так што пра існаваньне нейкіх формаў патрыятычнага руху ў Акадэміі навук «там» здагадваліся.

Сярод нас камуністаў былі адзінкі, але ўсе мы разам зьяўляліся па сутнасьці антыкамуністамі і дэмакратамі па перакананьнях. Аднак мы сьвядома імкнуліся пазьбегнуць магчымых абвінавачаньняў у антыкамунізме. Мы сыходзілі з таго, што беларускай адраджэнскай інтэлігенцыі, гатовай да нейкіх дзеяньняў, на той час было вельмі мала. Наш даволі кволы рух было лёгка прыдушыць, і мы не маглі траціць сілы яшчэ і на агульнадэмакратычныя задачы. Лічылася, што гэтым можа займацца маскоўская інтэлігенцыя, мы ж павінны былі канцэнтравацца на нацыянальным. Нават у час акупацыі Чэхаславаччыны ў 1968 пасля цяжкага роздуму і дыскусіі было вырашана ўстрымацца ад публічных акцый пратэсту.

Чым займаўся Акадэмічны асяродак?

Адбываўся збор вуснай і друкаванай інфармацыі - успамінаў, кніжак і часопісаў пераважна віленскага друку або часоў Інбелкульту. Дзеля гэтага ладзіліся паездкі па вёсках і мястэчках Заходняй Беларусі, дзе, па нашых звестках, яшчэ жылі старыя настаўнікі, дзеячы Грамады або КПЗБ. Асабліва плённымі былі экспэдыцыі да віленскіх букіністаў. Здабытае чыталася, нярэдка размнажалася фотаспосабам або друкаркамі, перадавалася сябрам і знаёмым, студэнтам. Такім чынам адбывалася патрыятычная самаадукацыя і адукацыя.

Даволі рэгулярна ладзіліся сустрэчы з вэтэранамі беларускага Адраджэньня. Яны адбываліся ў асноўным на кватэры ўдзельніка Першага Ўсебеларускага Кангрэсу Язэпа Сушынскага. У іншых выпадках мы зьбіраліся пераважна ў пакоях асьпіранцкага інтэрнату на Акадэмічнай, або інтэрнату для навуковых супрацоўнікаў на Сурганава. Часта сустракаліся і на кватэры Ўладзіміра Караткевіча. Абмяркоўваліся пытаньні палітычнага і нацыянальнага жыцьця, рабіліся спробы аналізу і вызначэньня пэрспэктываў, абгаворваліся магчымыя шляхі ўзьдзеяньня на сытуацыю.

Вяліся пошукі аднадумцаў і ўсталяваньне зь імі кантактаў, прыцягненьне іх у кола нашых інтарэсаў. Асаблівая ўвага кіравалася на студэнтаў. Шукаліся таксама іншыя патрыятычныя асяродкі. Былі завязаны даволі шчыльныя сувязі з украінскім нацыянальным рухам (пераважна з дапамогай Міколы Прашковіча і асьпіранта-ўкраінца, які навучаўся пры адным з нашых акадэмічных інстытутаў).

Сябры А.а. стараліся знаходзіць здольных школьнікаў зь беларускіх сем'яў і дапамагаць ім атрымаць вышэйшую адукацыю. Заахвочвалі выпускнікоў ВНУ з патрыятычнымі перакананьнямі да паступленьня ў асьпірантуру. Стараліся правесьці сваіх людзей на патрэбныя службовыя пасады, заахвочвалі іх да паступленьня ў КПСС, разумеючы істотную ролю гэтай структуры. Сярод нас быў папулярны лёзунг: «Усе прыбалтыйскія нацыяналісты - камуністы».

КГБ ушчыльную занялося А.а. летам 1973. Рэпрэсыўная хваля накацілася з Украіны, дзе да гэтага часу поўным ходам ішоў разгром тамтэйшага патрыятычнага руху. На допытах і пры вобысках трапілі на сляды сувязяў з Беларуссю. У руках гэбістаў апынуліся лісты некаторых нашых сяброў з ацэнкай нацыянальнай палітыкі КПСС і з плянамі каардынацыі супраціву ёй. Допыты ў Менску і іншых гарадах Беларусі разгарнуліся летам 1973. Па прыкладных разліках «на субяседваньні» трапіла агулам да сотні навукоўцаў, выкладчыкаў ВНУ, настаўнікаў, студэнтаў. Мяркуючы па пытаньнях на допытах, спэцслужбы стараліся прыпісаць нам стварэньне падпольнай нацыяналістычнай арганізацыі, з адпаведным кіраўніцтвам, структурай і сувязямі з замежжам. Асабліва цікавіліся асобай Уладзіміра Караткевіча, якому, здаецца, меркавалася надаць ролю лідэра беларускіх нацыяналістаў. Не міналі ўвагай і ЛарысуГеніюш.

З вэрсіяй КГБ аб існаваньні падпольнай нацыяналістычнай арганізацыі нічога не атрымалася. Вышэйшае камуністычнае кіраўніцтва Беларусі не было зацікаўленае разьдзьмухваньнем справы «аб нацыяналістах». У рэспубліцы, жыхары якой з энтузіязмам пагалоўна ператвараліся ў расейскамоўных савецкіх людзей, не магло быць нацыяналізму! Аднак гэбісцкае начальства, як сьведчылі нашыя інфарматары з ЦК КПБ, было іншай думкі. Яно чакала за праведзеную работу падзякаў і ўзнагарод і апэлявала да Масквы. Адтуль прыехаў адпаведны эмісар, які азнаёміўся са справамі і рэпрэсыўная машына закруцілася зноў. Да пакараньня (звальненьня з працы) былі найперш вылучаныя Алесь Каўрус, Сьцяпан Місько, Мікола Прашковіч, Валянцін Рабкевіч і Міхась Чарняўскі. Выбралі тых, хто найбольш засьвяціўся радыкальнасьцю пазыцыі або выказваньняў, і асабліва на каго былі рэчавыя доказы «віны». У Прашковіча гэта былі лісты ва Ўкраіну, я ж перавёз у Беларусь рукапіс вядомай тымі часамі працы Ў.Дзюбы «Інтэрнацыяналізм, або русіфікацыя».

Зімой 1973-1974 вялася ідэалягічная падрыхтоўка акцыі пакараньня. Партыйныя прапагандысты па ўсёй Беларусі пачалі ў лекцыях расказваць аб выкрыцьці нацыяналістычнай арганізацыі, якая рыхтавалася адарваць Беларусь ад «сям'і брацкіх народаў СССР», прэтэндавала на адабраньне ад Расеі Смаленшчыны і Браншчыны, ну і, канешне ж, імкнулася да рэстаўрацыі капіталізму. Называліся канкрэтныя прозьвішчы ўдзельнікаў падпольля. Чорная ж прапаганда ішла значна далей. Драбнейшыя партыйныя функцыянэры распускалі чуткі аб сувязях з замежнымі цэнтрамі, аб вагонах антысавецкай і нацыяналістычнай літаратуры, аб падвалах са зброяй. Не забывалася і маральнае аблічча нацыяналістаў. Тады яшчэ не былі ў модзе наркотыкі, таму нам стараліся прыпісаць п'янства.

За ўдзельнікамі арганізацыі і іх сямейнікамі было ўстаноўленае пастаяннае назіраньне. Віжы не адставалі ні на крок, нават сачылі, што жонкі купляюць у гастраномах. Раптам зьявіліся некаторыя даўнія і ўжо паўзабытыя знаёмыя, якія загарэліся сяброўскімі пачуцьцямі, жаданьнем унікнуць у сутнасьць справы і, зразумела, дапамагчы. Да слова сказаць, калі кампанія барацьбы з нацыяналістамі прайшла, яны зноў зьніклі з нашага небасхілу.

У акадэмічных інстытутах акцыю пакараньня арганізоўваў парткам Акадэміі (старшыня парткаму - П.Петрыкаў). У сакавіку справа дасягнула эпагею. Даваенным камсамольцам, якія яшчэ памяталі барацьбу з «ворагамі народа», даручалася пісаць лісты абурэньня з патрабаваньнем кары вінаватым. Супрацоўнікам укладвалася ў вушы, што нас за гэтыя правіннасьці ў трыццаць сёмым расстралялі б, а так толькі трэба звольніць з працы. У аддзелах праводзіліся сходы, дзе кляймілі нацыяналістаў, якія вайной «палілі беларускія вёскі і тапілі дзяцей у калодзежах». З вуснаў партфункцыянэраў гучалі заклікі прыгледзецца да ўсіх, хто размаўляе па-беларуску. Напярэдадні паседжаньня вучонай рады Інстытуту гісторыі зь яе сябрамі вяліся прафілактычныя размовы, у якіх указвалася, як яны павінны галасаваць. І некаторыя радцы, якія падзялялі мае перакананьні, прасілі прабачыць іх, што будуць галасаваць за маё звальненьне з працы. Страх кіраваў людзьмі.

Аднак большасьць супрацоўнікаў інстытуту спачувала мне. Калі, працуючы больш года рабочым на адным невялікім менскім прадпрыемстве, я зьяўляўся ў родным інстытуце, толькі адзінкі, прыкмеціўшы мяне ў калідоры, зьбягалі ў бліжэйшы туалет. Іншыя паціскалі руку, казалі: «Трымайся!» Найбольш смела выказвалі пазыцыю некаторыя расейцы і габрэі, яны не баяліся абвінавачаньняў у беларускім нацыяналізме. Сярод іх асабліва хочацца ўспомніць добрым словам сёньня ўжо нябожчыкаў Зіновія Юльевіча Капыскага і Аляксея Рыгоравіча Мітрафанава. Удзячны я за дапамогу таксама Валянціне Караткевіч і асабліва Максіму Танку. А таксама тым работнікам ЦК КПБ, якія насуперак супраціўленьню асобных акадэмічных чыноўнікаў садзейнічалі майму вяртаньню летам 1975 у Інстытут гісторыі.

Некалькі пазьней, так бы мовіць наўздагон, па тых жа абвінавачаньнях у нацыяналізме былі звольненыя з працы Зянон Пазьняк, Віктар Лапуць, а таксама старшы выкладчык Інстытуту замежных моваў Павел Дзядзюля.

Бадай найбольш несамавітае адчуваньне было з-за інфармацыйнай блякады. Рукапісы кніжак і артыкулаў удзельнікаў А.а. выкідаліся з плянаў выдавецтваў і з рэдакцый, з усіх публікацый выкрэслівалася нават упамінаньне іх прозьвішчаў, забаранялася рабіць спасылкі на іх працы. Чалавек быццам зьнікаў зь белага сьвету, як ніколі і ня жыў!

Пасьля звальненьня зь інстытутаў нам была даступная толькі нейкая фізычная праца, але ў сістэме Акадэміі мне, напрыклад, не дазволена было нават уладкавацца вартаўніком у Батанічным садзе. Не было гутаркі і аб працы выкладчыкам, або якім музэйным работнікам. Але я, калі папраўдзе, задаволіўся месцам рабочага на вытворча-мастацкім камбінаце пры Саюзе мастакоў Беларусі, куды трапіў з дапамогай аднадумцаў мастакоў. Гэта мне адпавядала - палову месяцу цягаючы мяхі з цэмэнтам, або грунтуючы фанэрныя шчыты пад плякаты зь перадавікамі вытворчасьці я зарабляў неабходны грашовы мінімум, а рэшту часу мог аддаваць навуковым заняткам. Я быў перакананы, што мы прыкладна праз год зможам вярнуцца на ранейшую працу. Прынамсі так было абяцана Максіму Танку ў «Высокім доме», дзе таксама знаходзіліся людзі, якія нам спачувалі. Раней вярнуцца было нельга, бо гэта «залежыла толькі ад Масквы». Праўда, органы былі ня супраць сплавіць мяне куды-небудзь за межы Беларусі, і праз адну асобу нават прапаноўвалася месца музэйнага работніка далёка адсюль.

Які ж быў далейшы лёс удзельнікаў А.а., тых, каго я найбольш ведаў? Практычна ўсе яны захавалі актыўную творчую і патрыятычную пазыцыю, працягнулі працу як навукоўцы, удзельнічалі і ўдзельнічаюць у палітычным і грамадзкім жыцьці. Праўда, у першыя гады ім стваралі цяжкасьці з публікацыямі і, зразумела, яны заставался «невыязднымі» за мяжу ажно да перабудовы. Каўрус празь нейкі час пачаў працаваць у адным з выдавецтваў, а пазьней у пэдінстытуце. У «Мастацкую літаратуру» ўладкаваўся Рабкевіч. Місько, як удзельнік другой сусьветнай вайны, дамогся вяртаньня ў інстытут, пазьней пайшоў на пэнсію. Быў вернуты на працу ў Акадэмію Навук і Пазьняк, але ў Інстытут гісторыі, дзе да гэтага часу склаўся прыязны яму творчы калектыў. У гэты ж інстытут летам 1975 вярнуўся і я. Лапуць нядаўна памёр. Не вытрымала сэрца і ў Рабкевіча. Найбольш цяжка склаўся лёс Прашковіча. Пасля ўсіх гэтых падзеяў у яго адбыўся душэўны надлом. Ён цяжка захварэў на паралюш ног і згарэў у вясковай хаце, ня здолеўшы выпаўзьці з агню.

Літ.: 1. Арлоў У. Адзін у трох іпастасях: Нататкі няўдзячнага вучня // ЛіМ. 16.11.1990; 2. Антановіч С. Быць ідэйна свядомымі. Заўвагі на палях стэнаграмы красавіцкага (1974 г.) пленума ЦК КП Беларусі // ЛіМ. 10.05.1991; 3. Міско С. Міфы застаюцца толькі міфамі // Менская грамада. 1994, № 1(6), ліпень 1994; 4. Рабкевіч В. Група пяцёх // Наша Ніва. 1995, № 3; 5. Лыч Л., Навіцкі У. Гісторыя культуры Беларусі. - Менск, 1996. С. 374, 375.

Міхась Чарняўскі

Дэмакратычная апазыцыя Беларусі (1956-1991). Даведнік   Дэмакратычная апазыцыя Беларусі (1956-1991). Даведнік
Галоўная старонка   Галоўная старонка
Даслаць ліст адміністратару Заўважылі недакладнасьць?
Паведаміце нам!
    (с) Электронная Энцыкляпэдыя, 2003-2019