«Бітлз» (The Beatles), ангельская рок-група. Створана ў 1959 у Ліверпулі, таму яе нярэдка называлі «ліверпульскай чацвёркай». Назва квартэта звязваецца з назвай насякомага (англ. - жук) і абазначэннем рытмічнай пульсацыі (біт). Удзельнікі «Б.»: Джон Ленан (1940-1980; гітара, вакал), Пол Макартні (н. 1942; гітара, вакал), Джордж Харысан (1943-2001; гітара), Рынга Стар (н. 1940; ударныя). Для музыкі «Б.» характэрны моцнае гучанне (дасягалася з дапамогай электраўзмацняльнікаў), рэзка выражаны біт, іранічнасць, фарсавасць, багацце аранжыровак, эксперыменты з класічнай, усходняй музыкай, мелодыкай (увядзенне электронных шумоў, гукаў сітара). Сярод асноўных тэм песень «Б.» - канфлікт бацькоў і дзяцей, уплыў алкаголю і наркотыкаў, моладзевая субкультура і г.д. У музыцы «Б.» заўважаюцца ўплывы рок-н-рола, джаза, скіфла (імправізацыйнай музыкі, якая выконвалася ангельскімі музыкантамі-аматарамі на незвычайных інструментах - пральнай дошцы, дзіцячай дудцы, квадратнай гітары і інш.). Першы значны поспех прыйшоў да «Б.» у 1963 пасля іх выступлення ў лонданскім эстрадным тэатры «Паладзіум». Узрастанню папулярнасцю «Б.» паспрыялі іх здымкі ў фільмах амерыканскага рэжысёра Рычарда Лестэра «Вечар цяжкага дня» (1964) і «На дапамогу!» (1965). У першай палове 1960-х г. пашырылася т.зв. «бітламанія» - гарачая, фанатычная прыхільнасць слухачоў да музыкі «Б.». У 1967 выйшаў альбом «Аркестр клуба «Адзінокія сэрцы» сержанта Пепера», многія песні з якога сталі міжнароднымі хітамі. У сярэдзіне 1990-х г. выйшла «Анталогія Бітлз» на некалькіх кампакт-дысках, куды ўвайшлі раней невядомыя песні музыкантаў. Асобныя ўдзельнікі «Б.» займаліся і індывідуальнай творчасцю. Ленан быў аўтарам зборнікаў вершаў і прозы з незвычайнымі каламбурамі. Макартні напісаў музыку да мастацкага фільма «Сямейнае жыццё» (1967). У 1970 выйшаў апошні альбом «Б.» «Няхай будзе так», пасля чаго гурт распаўся. Ленан пасля распаду «Б.» запісаў некалькі альбомаў ў сааўтарстве са сваёй жонкай, японскай мастачкай Йока Она. У 1980 Ленан быў забіты ў Нью-Ёрку адным са сваіх фанатаў.

Паведаміць пра недакладнасьць