«Куін» (Queen), ангельская рок-група. Сфармавана ў 1971 у Лондане. У складзе групы былі: Фрэдзі Мерк'юры (1946-1991; вакал, фартэпіяна), Брайан Мэй (н. 1947; сінтэзатар, вакал); Роджэр Тэйлар (н. 1949; ударныя, вакал); Джон Дзікан (н. 1951; бас-гітара). Нязменым лідэрам групы быў спявак, кампазітар, аўтар большасці песень Ф.Мерк'юры. Ён нарадзіўся ў заможнай сям'і персаў, паслядоўнікаў вучэння Заратуштры. Вывучаў жывапіс, дызайн, балет, ігру на фартэпіяна, захапляўся маляваннем, літаратурай, тэатрам, спортам; выпусціў некалькі сольных дыскаў. Валодаў голасам прыгожага тэмбру, яркімі акцёрскімі здольнасцямі, вызначаўся надзвычайнай эмацыянальнасцю, тэмпераментам, пластыкай, авангарднымі касцюмамі. Ф.Мерк'юры напісаў большасць сцэнарыяў да відэакліпаў, у якіх зроблена спроба спалучэння музыкі і тэатра, светлавых і гукавых эфектаў. «К.» праславіўся грандыёзнымі канцэртнымі шоў. Музыка «К.» ўяўляла сабой сумесь элементаў рока, джаза, класічнай оперы, танцавальнай музыкі. Кампазіцыі вызначаліся маштабнасцю, выдатнымі аранжыроўкамі, прыгажосцю шматгалосся, віртуёзнымі гітаранымі пасажамі Б.Мэя, складанымі вакальнымі партыямі Мерк'юры, карпатлівай студыйнай работай. У асобных песнях заўважаўся ўплыў класічнай музыкі (напр., «Багемская рапсодыя»). Сярод найбольш удалых альбомаў - «Ноч у оперы» (1975), «Гульня» (1980), «Цуд» (1989), «Ускосны намёк» (1991) і інш. У 1988 выйшаў дыск «Барселона», на якім Мерк'юры ў дуэце са славутай опернай спявачкай Мантсерат Кабалье выканаў класічныя оперныя арыі. Песня з гэтага дыска стала афіцыйным гімнам летняй Алімпіяды-92. Група распалася пасля смерці Мерк'юры ад СНІДу. Альбом «Зроблена на нябёсах» (1995) быў заснаваны на прыжыццёвых запісах Мерк'юры. Песня «Мы - чэмпіёны» (1977) лічыцца своеасаблівым гімнам усіх спартовых балельшчыкаў. У 1992 на лонданскім стадыёне «Уэмблі» адбыўся грандыёзны мемарыяльны канцэрт, на якім песні «К.» выконвалі зоркі сусветнай велічыні Э.Джон, Дж.Майкл, Д.Боўі, Л.Мінелі і інш.

Паведаміць пра недакладнасьць