Ліхачоў Дзмітрый Сяргеевіч (1906-1999), расейскі літаратуразнавец, гісторык культуры. Акадэмік АН СССР (1970). Скончыў Ленінградскі ўніверсітэт (1928). У 1928-1932 быў рэпрэсаваны. З 1938 у Інстытуце расейскай літаратуры АН СССР. Выступаў за культурнае адзінства чалавецтва пры адначасовым захаванні ўсіх нацыянальных культурных традыцый. Быў паслядоўным праціўнікам усякага роду культурнай выключнасці і культурнага ізаляцыянізму. Арыгінальным укладам Л. у культуралагічную навуку стала прапанавая ім пад уплывам У.Вярнадскага ідэя «гомасферы» (г.зн. чалавечай сферы) Зямлі, а таксама распрацоўка асноў новай навуковай дысцыпліны - экалогіі культуры. Лічыў, што адметнымі рысамі нацыянальнага характару расейскага народа з'яўляюцца пастаяннае імкненне да свабоды асобы, а таксама схільнасць ва ўсім даходзіць да крайнасцей, да мяжы магчымага. Сфармуляваў «дзевяць запаветаў гуманізму» (напр., заклікі да культурнай эліты не лічыць свой народ ворагам іншых народаў, паважаць ідэі і пачуцці іншых людзей, ашчадна адносіцца да Прыроды як сваёй маці, быць заўсёды свабоднымі, паважаць сваіх бацькоў і продкаў, захоўваць іх культурную спадчыну і да т.п.). Ідэі багацця і шматмернасці «нацыянальнага», стваральнай сілы традыцыі ў сучасным свеце («Нататкі аб расейскім», 1981; «Мінулае - будучыні», 1985). Аўтар фундаментальных даследаванняў літаратуры і культуры старажытнай Русі, праблем тэксталогіі (у т.л. «Паэтыкі старажытнарускай літаратуры», 3-е выд., 1979).

Паведаміць пра недакладнасьць