Фама Аквінскі (1225-1274; Аквінат), філосаф, тэолаг каталіцкай царквы. Яго працы ляжаць у аснове сучаснай каталіцкай тэалогіі. У 1323 быў кананізаваны - абвешчаны «святым». Атрымаў вельмі добрую адукацыю (у Парыжы і Кёльне), быў манахам ордэна дамініканцаў, потым сам выкладаў схаластыку. Аўтар твораў «Сума тэалогіі» і «Сума супраць язычнікаў». Імкнуўся прыстасаваць да вучэння каталіцкай царквы філасофію Арыстоцеля. Стварыў сваю філасофска-тэалагічную сістэму, у якой філасофія падначалена тэалогіі (багаслоўю). Асноўны прынцып філасофіі Ф.А. - гармонія веры і розуму; ён лічыў, што розум можа рацыянальна даказаць існаванне Бога, прычым пры канфлікце ісцін розуму і ісцін «адкрыцця» перавага аддавалася апошняй. Сцвярджаў, што калі самым выдатным тварэннем Бога з'яўляецца чалавек, то развіццё чалавечага розуму будзе спрыяць павелічэнню славы Бога. Абгрунтаваў ідэю ўсеагульнага вяршэнства Папы Рымскага як Божага намесніка на зямлі; лічыў уладу манарха свяшчэннай, але дапускаў магчымасць выступленняў супраць манарха-тырана. Спецыяльнай энцыклікай Папы Рымскага Льва XIII (1879) вучэнне Ф.А. прызнана афіцыйнай і адзіна ісціннай філасофіяй каталіцызму.

Паведаміць пра недакладнасьць