Бабіч Іван (1930, вёска Бабічы Глыбоцкага р-на Віцебскай вобл. - 03.10.1994), сябра Глыбоцкай групы Саюзу Беларускіх Патрыётаў, палітычны вязень. Пасьля выгнаньня немцаўз тэрыторыі Беларусі І.Б. разам зь сястрой Марыяй Бабіч паступіў на вучобу ў Глыбоцкую пэдагагічную навучальню. Пад час навучаньня І.Б. далучаецца да Саюзу Беларускіх Патрыётаў. Гэта адбылося трохі пазьней за далучэньне да СБП Марыі Бабіч. Варта адзначыць, што ні Марыя, ні Іван напачатку не здагадваліся пра ўдзел адзін аднаго ў СБП. «Мы мала што пасьпелі зрабіць. Ды і задачы ставілі перад сабой галоўным чынам культурна-асьветніцкія: адстойваць сваю нацыянальную адметнасьць, мову, культуру, гісторыю, свае традыцыі» [1, 224].

У пэрыяд ад першых арыштаў сяброў СБП (08.02.1947) і да ўласнага арышту Іван і Марыя Бабічы перайшлі на паўлегальнае становішча. Абое яны былі арыштаваныя органамі МГБ 08.09.1947 на станцыі Навадруцак, што ля Глыбокага, пад час спробы выезду ў Польшчу. Можна меркаваць, што спробы ўцёкаў былі інсьпіраваныя МГБ дзеля арышту Івана і Марыі Бабіч. Да арышту мае непасрэднае дачыненьне навучэнец Глыбоцкае пэднавучальні «сэксот» Канстанцін Талапіла.

Пасьля арышту І.Б. знаходзіўся ў полацкай турме. Асуджаны ён быў разам з маці Ганнай і дзядзькам Аляксеем Бабічам. Пад час судовага працэсу былі дапушчаныя грубыя фальсыфікацыі. І.Б. быў асуджаны як паўналетні (дзеля гэтага запісалі, што нарадзіўся ён у 1929) да 25 год пазбаўленьня волі. «Маю віну асабліва абцяжарыла «зброя». Мне адмерылі аж 25 гадоў. А я ж зброю наогул у руках не трымаў па-сапраўднаму. Пад час свайго гуляньня па гумнах, па лесе меў з сабой усяго толькі сьцізорык - хлеба, сала адкроіць» [1, 229].

І.Б. адбываў тэрмін у лягерах Комі АССР, пад Тайшэтам, у Нарыльску (Горлагу). У часе знаходжаньня ў лягеры ў Нарыльску браў удзел у страйку вязьняў, які ахапіў нарыльскі Гарлаг (травень-ліпень 1953). У 1955 І.Б. разам зь сястрой Марыяй быў накіраваны ў Маладэчну для перагляду судовай справы. У хуткім часе І.Б. быў вызвалены.

Па вяртаньні ў Беларусь зьведаў уціск мясцовых савецкіх уладаў. Разам з Марыяй Бабіч і ейным мужам Лявом Бялевічам выехаў на заробкі ў Інту. Працаваў у шахце, потым электрыкам шахтавага абсталяваньня. Некалькі разоў прадстаўляўся да працоўных узнагародаў, але з-за свайго мінулага імя І.Бабіча выкрэсьлівалася са сьпісу кандыдатаў. Пад час перабудовы быў узнагароджаны ордэнам «шахцёрскае славы». Па выхадзе на пэнсію разам з жонкай Тацянай вярнуўся ў Беларусь, пасяліўся ў Ваўкавыску. Пасьля доўгай хваробы на рак, выкліканай пакутамі ў ГУЛАГу, І.Б. памёр 03.10.1994. Вось што ўспамінае ягоная сястра Марыя Бабіч: «Перад сьмерцю, прадчуваючы свой канец, ён папрасіў нас, родных, каб паклалі яго ў труну з выявай «Пагоні» і бел-чырвона-белага сьцягу, а на помніку напісалі: «Хай сьняцца сны аб Беларусі». Мы выканалі ягоны запавет» [1, 243].

Бібл.: 1. Гарт. З успамінаў пра Саюз Беларускіх Патрыётаў. Мн., 1997. С. 18, 20, 75, 86, 88, 117, 140, 141, 215-243, 311, 314, 340.

Алег Гардзіенка

Паведаміць пра недакладнасьць