У 1952 існавала тры ўзнагароды: ордэн Пагоні, вайсковы ордэн «Зялезнага Рыцара» і Мэдаль Партызана. Ордэн Пагоні ўстанаўляўся «з мэтаю ўзнагароджваньня выдатных цывільных ці вайсковых заслугаў у часе вайны ці міру, зробленых для славы і на карысьць Беларускага Народу». Гэтая ўзнагарода была «найвышэйшым ганаровым адзначэньнем Беларускага Народу» і надавалася «асобам, якія выдатна спрычыніліся да здабыцьця незалежнасьці, задзіночаньня ўсіх беларускіх земляў, або да ўзмацаваньня незалежнасьці і росквіту беларускай дзяржавы». Былі ўстаноўленыя Вялікі Крыж ордэну Пагоні, Залаты Крыж ордэну Пагоні й Сярэбраны Крыж ордэну Пагоні. Ордэн Пагоні падзяляўся на пяць клясаў. Была створаная «Капітула ордэну Пагоні» на чале з прэзыдэнтам Рады БНР, які й надаваў ордэн асобным дэкрэтам.
Вайсковы ордэн «Зялезнага Рыцара» ўстанаўляўся «для адзначаньня ваенных ці вайсковых заслугаў» і быў узнагародай «выдатных ваенных учынкаў». Ордэн падзяляўся на пяць клясаў, а таксама на: Вялікі Крыж, Камандорскі Крыж, Кавалерыйскі Крыж, Залаты Крыж і Срэбны Крыж ордэну «Зялезнага Рыцара». Гэтую ўзнагароду меў права надаваць галоўнакамандуючы беларускага войска, або ў мірны час - былы галоўнакамандуючы. Аднак на пачатку 1950-х галоўнакамандуючага й «капітулу ордэну «Зялезнага Рыцара» часова замяняў прэзыдэнт Рады БНР.
Мэдаль Партызана надавалася прэзыдэнтам БНР «беларусам, якія змагаліся ў радох Беларускай Нацыянальнай Партызанкі за Незалежнасьць Беларусі супроць акупантаў: на прапанову партызанцкага штабу». Але ў 1952 права ўзнагароджаньня Мэдалём Партызана атрымаў «начальнік штабу беларускіх партызанаў». Узнагарода падзялялася на першую й другую ступень. Мэдаль Партызана першай ступені маглі атрымаць камандзіры й начальнікі штабоў партызанскіх аддзелаў, а за «выдатныя баявыя заслугі» кожны партызан. На адваротным баку Мэдаля Партызана першай ступені быў выбіты дэвіз: «За Бацькаўшчыну».
Аднак пакуль не вядома, ці былі вырабленыя гэтыя ўзнагароды, ці яны засталіся толькі праектамі. У мюнхенскай газэце «Бацькаўшчына» былі пададзеныя толькі малюнкі ордэнаў, мэдаля, а таксама статуты гэтых узнагарод.
Бібл.: 1. Узнагароды для заслужаных Беларусаў // Бацькаўшчына 24.02.1952, № 7-8 (86-87).
Сяргей Ёрш