Педагогіка (грэч. paidagogike). Гэты тэрмін мае 2 значэнні: навука, якая даследуе працэс мэтанакіраванага развіцця і фармавання асобы ва ўмовах яе выхавання, адукацыі і навучання; навучальны прадмет у сярэдніх спецыяльных і педагагічных ВНУ. Сучасная педагогіка вывучае аб'ектыўныя сувязі паміж развіццём асобы і знешнімі фактарамі (выхаванне, асвета, навучанне), тэорыю і методыку выхавання, а таксама сістэму педагагічных навук, якія маюць самастойныя галіны даследавання: агульная педагогіка, дашкольная, школьная, сямейная, спецыяльная, ваенная, спартыўная, інжынерная, сацыяльная педагогіка, андрагогіка (тэорыя і практыка выхавання і адукацыі дарослых), гісторыя педагогікі і інш. Як сістэма выхавання педагогіка пачала складвацца ў старажытных дзяржавах (Грэцыі, Рыме, Эгіпце, краінах Усходу), калі складваліся ўстойлівыя погляды на выхаванне, якія адлюстроўвалі менталітэт народаў, іх сацыяльны склад, характар вытворчасці, погляды на дабро і зло. Як навука яна вылучылася з сістэмы філасофскіх ведаў у пачатку 17 ст. Першае абагульненне педагагічнага вопыту зрабіў Я.А.Каменскі ў працы «Вялікая дыдактыка». Уклад у гэтую навуку зрабілі Дж.Лок, Ж.Ж.Русо, І.Г.Песталоці, І.Ф.Гербарт, А.Дзістэрвег і інш.; у расейскай педагогіцы - К.Д.Ушынскі, М.І.Пірагоў, В.П.Астрагорскі, П.Ф.Лесгафт і інш.

У Беларусі з развіццём пісьменнасці і ўзнікненнем школ канцэпцыі выхавання і навучання складваліся пад уздзеяннем хрысціянскай маралі (Ефрасіння Полацкая) і ідэй старажытных філосафаў. Педагагічныя ідэі, заснаваныя на народных традыцыях, выказвалі беларускія асветнікі 16 ст. Ф.Скарына, М.Гусоўскі, С.Будны, В.Цяпінскі, у 17-18 ст. М.К.Сарбеўскі, К.Нарбут, Ян Снядэцкі і інш. Асветнікі і вучоныя 19 ст. (К.Каліноўскі, Ф.Багушэвіч, Я.Лучына, М.Нікіфароўскі, Е.Раманаў, Я.Карскі) разглядалі педагагічныя ідэі як сродак абуджэння самасвядомасці народа. Уклад у педагагічную навуку Беларусі зрабілі Цётка («Першае чытанне для дзетак беларусаў» і артыкулы пра выхаванне), Я.Колас (аўтар падручнікаў, у т.л. «Другое чытанне для дзяцей беларусаў», «Методыка роднай мовы»), П.Пашкевіч, І.Пічэта, І.Замоцін, М.Гарэцкі, Д.Жарыкаў, М.Байкоў, Л.Шашкоў і інш. У наш час арганізацыя адукацыі і выхавання ўсё ў большай ступені набывае грамадска-дзяржаўны характар: апрача школ, ВНУ, НДІ ў яе ўключаюцца сям'я, палітычныя партыі, канфесіі, прафсаюзы, прадпрымальніцкія колы, розныя грамадскія аб'яднанні. Адраджаюцца гімназіі, ліцэі, каледжы, галіновыя ўніверсітэты, акадэміі. Тэорыю і практыку педагогікі распрацоўваюць Нацыянальны інстытут адукацыі, Рэспубліканскі інстытут прафесійнай адукацыі, Беларуская акадэмія адукацыі, кафедры педагогікі ўніверсітэтаў, педагагічнае таварыства і інш.

Паведаміць пра недакладнасьць