Этналогія (этнаграфія; ад грэч. ethnos - племя, народ + logos - вучэнне), навука, якая вывучае паходжанне, рассяленне, побыт і культуру этнасу (народа). Станаўленне этналогіі як навукі ў 2-й палове 19 ст. звязана з эвалюцыйнай школай (Э.Тайлар, Л.Г.Морган і інш.), што зыходзіла з ідэі адзінства культуры чалавецтва. З канца 19 ст. даследуе рэгіянальныя культуры і іх узаемаўплыў. Развіццё тэарэтычнай этналогіі ў 20 ст. звязана з канцэпцыямі Э.Дзюркгейма, З.Фройда, Л.Леві-Бруля, Б.Маліноўскага, А.Радкліф-Браўна, К.Леві-Строса і інш.

У Беларусі этналогія развіваецца з пачатку 19 ст. і на працягу доўгага перыяду аб'ектам яе вывучэння была духоўная культура беларускага этнасу - песні, паданні, вераванні, абрады. З 1880-1890-х г. галоўным у беларускай этналогіі стаў эвалюцыйны кірунак, прадстаўнікі якога (У.Дабраволькі, М.Доўнар-Запольскі, Я.Карскі, М.Нікіфароўскі, Е.Разанаў, І.Сербаў, А.Сержпутоўскі) разам з духоўнай і матэрыяльнай культурай вывучалі сацыяльную культуру народа, распрацоўвалі канцэпцыю гістарычнай асаблівасці і самастойнасці беларусаў як этнічнай супольнасці. У сучасны перыяд вучоныя-этнолагі Беларусі даследуюць праблемы этнагенезу, этнічнай гісторыі беларусаў, разнастайнасць шматвяковых традыцый беларускага народа, ролю і месца беларускага этнасу ў эўрапейскай цывілізацыі. Пачынаецца таксама вывучэнне і іншых нацыянальнасцей, якія насяляюць тэрыторыю Беларусі (татарскай, польскай, жыдоўскай), этнічных супольнасцей іншых краін.

Паведаміць пра недакладнасьць